Камунальнікі патлумачылі, чаму мінчукі не заўважаюць дэзінфекцыю пад'ездаў
Некаторыя мінчукі неабгрунтавана скардзяцца, што іх пад'езды не дэзінфікуюць. Пра гэта заявіла намесніца гендырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду і працы з насельніцтвам Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Настасся Вараб'ёва.
"Спецыфіка работ такая, што паверхні пасля дэзінфекцыі высыхаюць вельмі хутка, а пах хлоркі амаль не адчуваецца. Таму, калі чалавек выйшаў з кватэры або зайшоў у пад'езд нават праз 10-15 хвілін пасля завяршэння апрацоўкі, тым больш, калі работнікі з адпаведным інвентаром перайшлі на іншыя аб'екты, яму складана вызначыць, правялі дэзінфекцыю ці не", — перадае агенцтва "Мінск-Навіны" яе словы.
Вараб'ёва дадала, што на дошках інфармавання павінен быць вывешаны графік прыборкі месцаў агульнага карыстання. У ім дадалася графа "Дэзінфекцыя пакрыццяў канструктыўных элементаў". Прыбіральшчыца павінна распісвацца ў ёй з указаннем даты.
Кантроль за якасцю і перыядычнасцю дэзінфекцыі вядуць майстры ЖЭУ.
Камунальнікі падкрэслілі, што працоўны дзень у дворнікаў пачынаецца ў 6:00-6:30, калі большасць гараджан яшчэ знаходзяцца ў сваіх кватэрах. Зрэшты, дэзінфекцыя можа адбывацца і пазней.
Дэзінфекцыя пад'ездаў у Мінску пачалася апошнія тыдні ў рамках барацьбы з распаўсюдам COVID-19.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.