Канапацкая раіць адмяніць дэкрэт “аб дармаедах” і правесці падатковую амністыю
Прэзідэнцкага дэкрэта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” не павінна існаваць у прынцыпе і яго неабходна тэрмінова скасоўваць. Зварот такога зместу накіравала ў прэзідэнцкую адміністрацыю дэпутат парламента Ганна Канапацкая.
Канапацкая: “Нават калі казаць, што ёсць дармаеды, якія не плацяць падаткі, але карыстаюцца сацыяльнымі магчымасцямі, трэба знаходзіць нейкія механізмы, якія б прыцягвалі тыя грашовыя сродкі, якія так званыя “дармаеды” атрымліваюць, у абарот, але гэта не павінен быць дэкрэт “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
Дэпутат раіць разгледзіць магчымасць увядзення ў краіне падатковай альбо інвестыцыйнай амністыі, каб людзі пачалі самастойна плаціць падаткі з атрыманых імі сродкаў.
Па словах Ганны Канапацкай, калі з дапамогай гэтага дэкрэту ў бюджэт і атрымаецца прыцягнуць дадатковыя 5 мільёнаў долараў, то на тое, каб іх з “дармаедаў” спагнаць, патраціць давядзецца значна больш. Да таго ж, кажа, гэты дэкрэт правакуе рост сацыяльнага напружання ў беларускім грамадстве.
У выпадку, калі да меркавання дэпутаткі ўлады не прыслухаюцца, Канапацкая абяцае ініцыяваць грамадскія, а то нават і парламенцкія слуханні па гэтым пытанні.
Фота Еўрарадыё