Кантрабандысты перапраўлялі праз беларускую мяжу плыт з 35 тушамі цяляціны
Кантрабандыстаў мяса затрымалі супрацоўнікі Пінскага памежнага атрада 17 сакавіка.
Як паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта, памежнікі атрымалі інфармацыю пра магчымую спробу кантрабанды. Каля ракі Гарынь за 400 метраў ад населенага пункту Рэчыца Столінскага раёна яны затрымалі аўтамабіль "Volkswagen" пад кіраўніцтвам 47-гадовага мясцовага жыхара. У прычэпе аўто было 37 мяхоў з мясам і 4 тушы цяляціны, незаконна прывезеныя з Украіны ў Беларусь.
Потым трывожная група выявіла яшчэ двух мужчын, якія праігнаравалі патрабаванне спыніцца і паспрабавалі ўцячы на "Volkswagen". Аўтамабіль праз нейкаі час знайшлі ў паселішчы Рэчыца. Памежнікі выявілі, што ў аўто былі два жыхары Столінскага раёна, якія, магчыма, маюць дачыненне да кантрабанды мясной прадукцыі.
У раёне затрымання аўтамабіля з мясам памежнікі выявілі таксама плыт, на якім было 35 туш цяляціны, мех з кавалкамі мяса.
На выяўленых парушальнікаў пачалі адміністрацыйны працэс за незаконнае перасячэнне мяжы, кантрабанду і непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. Агульная вага 38 мяхоў мяса і 39 туш цяляціны, а таксама іх сума ацэнкі высвятляюцца.