Караткевіч наведала магілёўскую турму, дзе сядзіць палітвязень Статкевіч
Начальнік турмы заявіў прэтэндэнтцы на пасаду прэзідэнта, што ў яго ўстанове ўсё робіцца паводле закону.
Прэтэндэнтка на пасаду прэзідэнта Таццяна Караткевіч 17 жніўня наведала магілёўскую турму №4, дзе сядзіць палітвязень Мікалай Статкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты.
Як піша праваабарончы сайт "Вясна", Караткевіч нанесла гэты візіт, каб паказаць, што беларускае грамадства памятае пра Мікалая Статкевіча ды іншых палітвязняў.
Начальнік турмы Аляксандр Дзмітроў пагадзіўся сустрэцца з прэтэндэнткай на пасаду прэзідэнта і адказаў на шэраг яе пытанняў. Па словах Караткевіч, ён паводзіў сябе вельмі ветліва, аднак на шмат якія пытанні адказваў толькі тое, што ў даручанай яму ўстанове ўсё робіцца ў адпаведнасці з законам.
Начальнік турмы №4 паведаміў, што Статкевічу далі магчымасць размовы з жонкай, што напярэдадні свайго дня нараджэння ён атрымаў шмат лістоў і паштовак з волі і ўсе яны былі дастаўленыя адрасату.
Таксама Караткевіч наведала магілёўскую папраўчую калонію ІК-15, дзе яе прыняў начальнік установы Аляксей Лазарэнка. На пытанні ён пераважна адказваў толькі, што ў калоніі ўсё робіцца ў адпаведнасці з законам.
Фота: spring96.org