Карбалевіч: Кароткая "лава запасных" чыноўнікаў у Лукашэнкі — міф
На месца звольненых чыноўнікаў не вельмі складана падабраць новых.
Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў палітычны аналітык Валерый Карбалевіч. Еўрарадыё пацікавілася, ці прывядуць сённяшнія гучныя адстаўкі да абнаўлення чынавенскіх кадраў альбо пройдзе проста ператасоўка кадраў са старой "лавы запасных".
Карбалевіч: "Наконт кароткай "лавы запасных" я думаю, што гэта міф. Дзеля таго, каб займаць кіроўныя пасады ў Беларусі, не трэба асаблівых талентаў — не трэба быць эфектыўным менеджарам, не трэба быць добрым эканамістам. Ад кіраўніка патрабуецца толькі адно — быць жорсткім выканаўцам тых даручэнняў, якія дае кіраўнік дзяржавы. То бок, жорсткі адміністратар... Ну, і плюс — лаяльнасць да дзейнага кіраўніка, да дзейнага рэжыму".
Гучныя адстаўкі ва ўрадзе і Адміністрацыі прэзідэнта, на думку Карбалевіча, тлумачацца не толькі звычайнай гульнёй беларускага кіраўніка ў "добрага цара" і "кепскіх баяраў". Год таму менавіта на "Барысаўдрэве" было абвешчана пра мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай галіны.
Карбалевіч: "Прайшоў год, былі прынятыя ўказы, былі выдзеленыя новыя крэдыты спецыяльным указам прэзідэнта. А выніку няма!.. І гэта такая роспач ад таго, што праблема не вырашаецца. Гэта такая чыста эмацыйная рэакцыя".
Фота — svaboda.org