Касавыя апараты дагэтуль працуюць па старых цэнах

Касавыя апараты дагэтуль працуюць па старых цэнах

У першы дзень дэнамінацыі ў большасці невялікіх крамаў не толькі разлічваюцца пераважна старымі рублямі, але і касавыя апараты запраграмаваныя на… мільённыя цэны.

Прадавачка тлумачыць, што касавыя апараты могуць разлічваць “старымі рублямі” аж да 31 снежня. Нягледзячы на гэта, рэшту могуць выдаваць і новымі, і старымі, і нават змяшана.

На гарачай лініі па пераналадцы касавых апаратаў у Мінгандлю сёння аўрал, датэлефанавацца вельмі складана.

Спецыялістка тлумачыць Еўрарадыё, што цяпер частка касавых апаратаў працуе па-старому, а частка — па-новаму.

“У рэспубліцы 24 тысячы касавых апаратаў. І спецыяльна інфармацыю, хто паспеў за ноч перавесці касавы апарат, а хто не, мы не збіралі”.

Але дадае, што цягам двух-трох тыдняў плануюць перавесці не менш за 50% касавага абсталявання на разлік па-новаму.

Па словах спецыялісткі, перавесці касавыя апараты часта бывае вельмі складана. Да прыкладу, калі апараты звязаныя з бухгалтарскімі праграмамі, гэта патрабуе доўгай пераўсталёўкі ўсёй сістэмы. Але канчатковы тэрмін пераводу касавых апаратаў на разлік новымі рублямі адзін — 31 снежня.

Супрацоўніца гарачай лініі таксама тлумачыць, што ў Беларусі некалькі дзясяткаў цэнтраў касавага абслугоўвання і апараты з усёй краіны прывязаныя да гэтых цэнтраў. У некаторыя цэнтрах паведамляюць, што пачнуць замены сістэмаў толькі са снежня. Прыблізны кошт пераводу касавага абсталявання — 100 рублёў (мільён рублёў старымі).

А вось тэрміналы па аплаце банкаўскімі карткамі ўжо пераведзеныя на новыя грошы. Некаторыя вялікія гандлёвыя сеткі ўсталявалі праграмы, якія пераводзяць цэны ў старых рублях на новыя падчас аплаты карткай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі