КДБ паведаміў пра затрыманне каля 10 чалавек за "пагрозы" сябрам выбаркамаў
Тэкст ліста, які атрымлівалі члены выбаркамаў / скрыншот відэа тэлеканала АНТ
Каля 10 чалавек затрыманыя ў Беларусі за "спробу аказаць незаконнае ўздзеянне на сябраў выбарчых камісій", паведаміў прадстаўнік Следчага камітэта краіны Сяргей Кабаковіч у эфіры АНТ.
Лісты таксама паказалі па ТБ. На адной ўлётцы было напісана: "Настаўнікі! Лічыце галасы на рэферэндуме сумленна. Калі будзе інакш, то бойцеся! Мы да вас прыйдзем і спытаем!".
У іншым лісце нагадвалася, што "ваш саўдзел у гэтым злачынстве [будзе мець] наступствы", а яшчэ аб пакутах тысяч грамадзян Беларусі з-за фальсіфікацый на папярэдніх выбарах.
Сярод затрыманых, якіх паказалі па ТБ, апынуліся студэнт і яго маці, таксіст, уладальнік фірмы і супрацоўніца банка. У прыватнасці, студэнт адправіў каля 50 лістоў і атрымаў за гэта 30 рублёў. Праўда, аўтар сюжэту не ўдакладніў, гэта было "ўзнагароджанне за працу" або грошы на паштовыя выдаткі.
Нагадаем, Цэнтрвыбаркам у гэтым годзе вырашыў засакрэціць спісы сябраў выбарчых камісій — як патлумачылі, "у мэтах бяспекі". Але артыкул 34 Выбарчага кодэкса РБ прадугледжвае публікацыю імёнаў усіх членаў выбаркамаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.