КДБ выявіў карупцыю на Мінскай рэгіянальнай мытні
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі карупцыю сярод шэрагу былых і дзейных службовых асоб Мінскай рэгіянальнай мытні, інфармуе БЕЛТА.
Паведамляецца, што супрацоўнікі мытні праз пасярэдніка з ліку былых работнікаў на працягу некалькіх гадоў сістэматычна атрымлівалі хабар ад камерсантаў. За гэтыя грошы яны дапамагалі паскорыць мытнае афармленне грузаў, а таксама праводзілі неналежным чынам мытны кантроль.
Напрыклад, начальніка Маладзечанскага мытнага паста затрымалі пры атрыманні чарговага хабару ў 1100 долараў. Пасярэднік пры перадачы хабару, былы супрацоўнік мытні, таксама затрыманы.
У карупцыйнай схеме ўдзельнічалі і іншыя супрацоўнікі мытні. Калі ўзнікалі праблемы, звязаныя з мытным коштам грузаў, хабар перадавалі супрацоўніку аддзела тарыфнага рэгулявання Мінскай рэгіянальнай мытні. Гэты супрацоўнік таксама перадаваў камерсантам абмежаваныя да распаўсюду звесткі з баз даных мытных органаў.
Паслугі намесніка начальніка аддзела па барацьбе з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэннямі Мінскай рэгіянальнай мытні каштавалі камерсантам 500 долараў. Інспектар, які непасрэдна ажыццяўляў мытнае афармленне грузаў у ПТА "Калядзічы-Аўта", аштаваў танней — 50 долараў.
На падазроных пачалі крымінальныя справы за атрыманне хабару і дапамогу ў атрыманні хабару. Чатыры супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні разам з пасярэднікам заключаныя пад варту.