КДБ затрымаў больш за 10 высокапастаўленых медыкаў па ўсёй краіне
Камітэт дзяржбяспекі затрымаў 10 высокапастаўленых лекараў па ўсёй краіне па падазрэнні ў атрыманні хабару. Як паведамляецца на сайце ведамства, пры атрыманні хабару ў 2800 долараў з доказамі злачынства затрыманы галоўны лекар УАЗ "Пінская цэнтральная лякарня" В.Асачук. Таксама за атрыманне хабараў затрыманыя дзесяць кіруючых работнікаў сістэмы аховы здароўя Гомельскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей, а таксама Мінска. Сумы хабараў, перададзеных ім, складалі ад 400 да 5 тысяч долараў.
Паведамляецца, што службовыя асобы сістэматычна атрымлівалі хабар ад бізнэсоўцаў, якім аддавалі перавагу пры тэндэрах на закуп медабсталявання і рэагентаў. "Адкат" медыкам пры такіх здзелках складаў да 5% ад кошту рэалізаваных тавараў. У выніку кошт абсталявання і рэагентаў для лякарняў і паліклінік вырастаў на 30-70%. На лекараў пачалі справы за атрыманне хабару і ўзялі іх пад варту. Таксама пад варту ўзялі камерсантаў, у тым ліку кіраўніка НВПУП "Белрэамед" Мікалая Аганесяна. На бізнэсоўцаў пачалі крымінальную справу за дачу хабару.
Пра гэтую справу СМІ стала вядома некалькі дзён таму. Тады паведамлялася, што "Белрэамед" звязаны з кампаніяй "Тасілена". Гэтую групу кампаній называюць адным з найбуйнейшых дыстрыб'ютараў медтэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння ў Беларусі.
Таксама КДБ паведамляе пра крымінальную справу і затрыманне галоўнага лекара ГУ "Рэспубліканская клінічная лякарня медыцынскай рэабілітацыі" В.Масла. Яго падазраюць крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры. Па звестках КДБ, ён забіраў грошы, якія налічваліся падначаленым яму работнікам адміністрацыі ў выглядзе прэміяў. У кішэні галоўнага лекара, па звестках следства, асела не менш за 21 тысячу рублёў. Яго крымінальная справа перададзеная ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.