Хэйт на Зяленскую за рассунутыя ногі: мужчынам можна, жанчынам нельга?
Можна не толькі Пуціну! / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Алена Зяленская сфатаграфавалася для часопіса Vogue у паставе з рассунутымі нагамі. Фота выклікала супярэчлівыя меркаванні. Адны лічаць, што не варта першай лэдзі Украіны падаваць сябе ў такім ракурсе. Іншыя, наадварот, выступаюць у падтрымку жонкі ўкраінскага прэзідэнта.
Ці дапушчальна для жанчыны дэманстраваць такую паставу?
— Калі яна ў спадніцы і пры такой паставе можа быць відаць ніжнюю бялізну, то, напэўна, лепш гэтага пазбегнуць, — расказвае Еўрарадыё псіхолаг Лілія Ахрэмчык. — Калі яе адзенне дазваляе камфортна займаць такую паставу, то чаму не? Жанчына мае права сядзець, ляжаць, стаяць так, як яна хоча, як ёй зручна, як яна сябе адчувае і ў якім стане знаходзіцца. Хочацца сказаць: няхай ужо, нарэшце, жанчыны робяць тое, што хочуць.
Еўрарадыё: А мужчыну можна публічна сядзець з рассунутымі нагамі?
Лілія Ахрэмчык: Можна, вядома. Важна, што ты хочаш гэтай паставай перадаць.
Што значыць пастава з рассунутымі нагамі?
— Інтэрпрэтуючы невербальныя паводзіны, звычайна гавораць пра тое, што рассунутыя ногі ў часе зносін або на фатаграфіі робяць уражанне таго, што чалавек упэўнены ў сабе, — кажа Лілія Ахрэмчык. — Шырока рассунутыя ногі — гэта яшчэ і дэманстрацыя ўлады. Інтуітыўна гэтую паставу вельмі любяць мужчыны. Па тым, наколькі шырока мужчына рассунуў ногі, седзячы на крэсле або канапе, можна зразумець, ці адчувае ён сябе гаспадаром сітуацыі.
Часткова, можа быць, таму радыкальныя феміністкі не ў захапленні, калі мужчына ў грамадскім месцы сядзіць, шырока расставіўшы ногі, што гэта дэманстрацыя ўлады і перавагі. А некаторыя мужчыны імкнуцца заняць максімальна шмат прасторы, што можа быць расцэнена як замах на асабістыя межы і ўсталяванне іерархіі.
Пастава з рассунутымі нагамі — гэта яшчэ пра адкрытасць. Адкрываючы пахвінную зону, чалавек як бы кажа, што вось ён, як на далоні, ён адкрыты, яму няма чаго хаваць. Ён паказвае свае ўразлівыя месцы, тым самым даючы зразумець, што гатовы да сумленнай і шчырай камунікацыі. Гэта, вядома ж, і пра бясстрашнасць. Не кожны адважыцца быць настолькі адкрытым і паказаць сваю ўразлівасць.
Гендарныя стэрэатыпы
Адкуль бярэцца меркаванне, што такая пастава прымальная не для ўсіх?
— Абмеркаванне вакол таго, ці можа жанчына сядзець [у паставе з рассунутымі нагамі] ў грамадскім месцы або на фатаграфіі, мае выразна гендарнае адценне. Гэта з серыі "жанчыне нельга таго, што можна і натуральна для мужчыны", — адказвае псіхолаг. — У этыкеце прынята, што такая пастава для жанчыны недапушчальная і лічыцца прыкметай нявыхаванасці. Маўляў, жанчына павінна сядзець зграбна закінуўшы нагу на нагу, не абапіраючыся на спінку і ледзь дакранаючыся да сядзення. З пункту гледжання невербалікі такая пастава гаворыць пра няўпэўненасць і гатоўнасць заняць падпарадкаванае становішча. Яна як бы кажа пра тое, што "мяне тут няшмат і я ненадоўга" — такія сацыяльна прымальныя паводзіны для жанчыны.
А вось сядзець з рассунутымі нагамі — гэта па-мужчынску, так стэрэатыпна расцэньваецца ў грамадстве. "Але ты ж добрая дзяўчынка, ты не павінна паводзіць сябе як мужык" — з падобных перакананняў і вырастае асуджэнне. Ад жанчыны ў нашым грамадстве ўсё яшчэ чакаецца, што яна будзе зручнай, рахманай, незаўважнай. А паказваць нават часам сваю ўладу і ўплыў — гэта ай-яй-яй.
— Фотасесія Алены Зяленскай мае магутны пасыл, і ён значна шырэйшы за абмеркаванне, якое ўзнікла вакол паставы з рассунутымі нагамі. На фатаграфіі для вокладкі Vogue стомленая жанчына, якая перажыла шмат болю, гора і слёз, шмат зразумела пра жыццё, яна стомленая, але пры гэтым захавала моцны дух, смелая і рашучая. У любы момант яна гатовая ўстаць і даць адпор, — рэзюмуе псіхолаг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.