Кіраўніца БСДП даведалася аб прэзідэнцкіх амбіцыях Фралова са СМІ
Хаця генерал Валерый Фралоў і з'яўляецца намеснікам старшыні апазіцыйнай партыі.
Як паведамляла Еўрарадыё, 11 чэрвеня генерал Валерый Фралоў заявіў, што хоча ўдзельнічаць кандыдатам у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Ён хоча стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі, але спадзяецца, што падтрымае яго не толькі апазіцыя. Фралоў разлічвае на падтрымку афіцэраў, інтэлігенцыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), сябрам якой з'яўляецца.
Тым часам старшыня партыі Ірына Вештард кажа, што даведалася пра ініцыятыву Фралова са СМІ. Па яе словах, партыйнага кандыдата сацыял-дэмакраты не вылучалі і наўрад ці будуць:
Вештард: "У партыі такога рашэння няма. Пакуль бачым, што Фралоў хацеў бы, але я шчыра скажу, што я не ўся партыя... Я не стаўлю пытання, каму што і калі рэкамендаваць ці забараніць".
Па словах Вештард, "Грамада" зараз больш зацікаўленая ў выбары адзінага апазіцыйнага кандыдата, чым у выстаўленні ўласнага.