Кіраўніца МУС Літвы: Лукашэнка загадаў "ачысціць склады і Мінск" ад мігрантаў
Хаця плынь нелегальных мігрантаў зменшылася, але расслабляцца яшчэ рана. Ёсць звесткі, што беларускія ўлады пастараюцца выпхнуць праз мяжу рэшту мігрантаў, кажа міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ.
"Мы атрымалі інфармацыю, што Лукашэнка даў распараджэнне "ачысціць склады і Мінск" ад нелегальных мігрантаў. Гэта выразны сігнал, што бліжэйшым часам будуць тыя ці іншыя спробы выпхнуць нелегальных мігрантаў у Літву, Польшчу або суседнюю Латвію", — перадае delfi.lt словы Білатайтэ.
Яна адзначыла, што апошнім часам было некалькі сутак, калі літоўскія памежнікі не фіксавалі ніводнага нелегальнага мігранта, які спрабаваў бы перайсці ў Літву. Аднак расслабляцца яшчэ рана, бо заўважаюцца трывожныя тэндэнцыі, асабліва — спробы прарыву польскай мяжы, кажа літоўская міністр.
"Чым яны адрозніваюцца ад арганізаваных раней акцый — тым, што гэта добра натрэніраваныя нелегальныя мігранты, гэта робяць супрацоўнікі беларускіх органаў, і гэтыя акцыі арганізуюцца з дапамогай Беларусі", — падкрэслівае Білатайтэ.
Сёлета ў Літву незаконна трапіла амаль 4,2 тысячы мігрантаў. Большая іх частка перабралася праз мяжу да жніўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.