Кіраўніцтва віцебскага дэпо: “Ніякага захопу трамвая ў нас не адбывалася”
Па сеціве разышлася гісторыя пра “захоп” трамвая ў Віцебску. Фабула такая: у гадзіну пік на адным з прыпынкаў гараджане доўга не маглі сесці на трамвай, бо дзесьці наперадзе па шляхах здарылася аварыя. Калі ж трамваі нарэшце пачалі хадзіць, на іх павыстаўлялі шыльды “У дэпо”. Чатыры абураныя жанчыны “захапілі” адзін з такіх трамваяў і "націснулі" на кіроўцу: мяняй маршрут і вязі нас куды скажам!
“Насамрэч ніякіх захопаў не было. Людзі, якія знаходзіліся на пасадачнай пляцоўцы і доўгі час чакалі трамвая, проста звярнуліся да кіроўцы праз цэнтральнага дыспетчара. Людзям пайшлі насустрач і перанакіравалі вагон. Першапачаткова ён ехаў у дэпо, але ў выніку пачаў дастаўляць людзей па маршрутах”, — паведамляе Еўрарадыё Вадзім Бярэзін, намеснік начальніка віцебскага трамвайнага дэпо.
Гісторыя завяршылася мірна, таму заяўляць на чатырох жанчын у міліцыю, зразумела, не сталі.