Кіраўнік Брэсцкай вобласці загадаў прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс загадаў прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА "АйПаўэр" пад Брэстам. Адпаведнае распараджэнне №60-Р ад 14 чэрвеня апублікаванае на сайце Брэсцкага аблвыканкама.
"Прыпыніць будаўніцтва аб'екта "Акумулятарны завод ТАА "АйПаўэр" з уласнай кацельняй на прыродным газе па адрасе: Брэсцкі раён, СЭЗ "Брэст" раён "Аэрапорта" 1 пускавы комплекс" да ліквідацыі выяўленых парушэнняў", — гаворыцца ў дакуменце.
Супраць будаўніцтва акумулятарнага завода брастаўчане змагаюцца ўжо больш за год. Пабудаваны завод ужо некалькі разоў не здолеў прайсці экалагічную экспертызу, неабходную для запуску вытворчасці. Днямі кіраўніцтва Брэстчыны сустрэлася з пратэстоўцамі: чыноўнікі заявілі, што завод могуць зачыніць, калі ён не будзе адпавядаць экалагічным патрабаванням.