Кіраўнік "Крумкачоў": не чакаў, што мяне нават не захочуць выслухаць
Дзяніс Шунто. Фота: bolshoi.by
14 сакавіка ў Мінску праходзіць Справаздачная канферэнцыя Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола". На самым пачатку паседжання дэлегаты з падачы выканкаму АБФФ прагаласавалі супраць таго, каб уключыць у парадак дня пытанне пра лёс ФК "Крумкачы", выключанага з вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі.
"Канферэнцыя доўжылася менш за дзве гадзіны, ніхто не стаміўся. А я прасіў ўсяго 5-7 хвілін. Не чакаў, што мяне нават не захочуць выслухаць, — сказаў кіраўнік "Крумкачоў". — Думаю, шмат што залежыла ад таго, як нашае пытанне было пададзенае . Выканкам федэрацыі як бы адразу прапанаваў галасаваць супраць... У выніку прагаласавалі супраць нават клубы першай лігі, для якіх у прынцыпе не мае ніякага значэння, як вырашыцца пытанне".
Апошняя надзея "Крумкачоў" утрымацца ў вышэйшай лізе — футбольны арбітраж, рашэнне якога чакаецца на наступным тыдні.