Кіраўнік Нацбанка: Захаванне фінансавай стабільнасці выходзіць на першы план

Кіраўнік Нацбанка: Захаванне фінансавай стабільнасці выходзіць на першы план

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаўр правёў у пятніцу ў Мінску прэс-канферэнцыю, на якой выказаўся на актуальныя тэмы. Паводле яго слоў, задача захавання фінансавай стабільнасці выходзіць на першы план. Ён ацаніў сітуацыю ў рэальным сектары эканомікі, як няпростую. А яна ўплывае на стан банкаўскай сістэмы, адзначыў Калаўр.

На сённяшні дзень у нашай краіне каля 30% прадпрыемстваў — стратныя. У першым квартале зафіксаваны рост праблемных актываў з 6,8 да 11,5%.

Кіраўнік Нацбанка паведаміў, што ў красавіку 2016 года падчас візіту місіі Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка вывучалася сітуацыя ў фінансавым сектары Беларусі. "Праведзенае намі абследаванне сумесна з замежнымі экспертамі паказвае на магчымы рост праблемных даўгоў, аднак гэтая сітуацыя кіраваная", — цытуе словы Паўла Калаўра БелаПАН. Ён адзначыў, што міжнародныя аўдытарскія кампаніі праводзяць незалежную ацэнку якасці актываў беларускіх банкаў з мэтай выяўлення "схаваных рызык у банкаўскай сістэме". Яе вынікі будуць вядомыя ў ліпені.  

Для таго, каб забяспечыць стабілізацыю банкаўскага сектара, ствараецца спецыялізаванае агенцтва, якому могуць быць перададзеныя "таксічныя" актывы з асобных банкаў. Паводле слоў Калаўра, паралельна з гэтым, у мэтах забеспячэння фінансавай стабільнасці ўласнікі банкаў прапрацоўваюць пытанне аб дакапіталізацыі банкаў. Але толькі там, дзе гэта неабходна.

Нацбанк лічыць найбольш верагодным продаж акцый Беларусбанка ў памеры менш за 25%. Гэтае пытанне вывучыць спецыяльная створаная працоўная група, паведамляе БЕЛТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі