Кіраўнікі беларускіх НПЗ абмяркуюць з расіянамі якасць пастаўленай нафты

Кіраўнікі беларускіх НПЗ абмяркуюць з расіянамі якасць пастаўленай нафты

Беларуска-расійская сустрэча ў пытаннях пастаўкі нафты запланаваная на 23 красавіка. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка падчас пасяджэння аператыўнага штаба па кантролі за сітуацыяй у пастаўках нафты, якое адбылося ў ААТ “Нафтан”, перадае БЕЛТА.

Прадстаўнікі канцэрна “Белнафтахім” і дырэктары нафтаперапрацоўчых заводаў наведаюць прадпрыемства “Транснафта” ў аўторак і абмяркуюць сітуацыю. Пры гэтым Ляшэнка падкрэсліў, што не сумняецца ў прафесійнасці дзеянняў расійскай кампаніі. Кіраўніцтва “Транснафты” запэўніла яго, што робіць усе дзеянні па максімальнай адкачцы нафты з павышаным утрыманнем хларыда і падмешваннем больш якаснай нафты.

На думку віцэ-прэм’ера, склалася пазаштатная сітуацыя. Рэзкае павышэнне ўтрымання хларыдаў у нафце патрабуе аптымізацыі рэжыму працы заводаў, каб не дапусціць пашкоджання абсталявання.

“Кошты пікава высокія, таму мы маем як эканамічныя, так і тэхнічныя выдаткі”, — сказаў Ляшэнка.

Раней у канцэрне “Белнафтахім” заяўлялі, што адбылося рэзкае пагаршэнне якасці расійскай экспартнай сумесі Urals, якая паступае транзітам ва ўчастак магістральнага нафтаправода ААТ "Гомельтранснафта Дружба". Па нафтаправодзе з Расійскай Федэрацыі паступае нафта з утрыманнем хлорарганічных злучэнняў, якія перавышаюць у дзясяткі разоў гранічныя значэнні па стандарце.

Перапрацоўка нафты такой якасці можа парушыць тэхналагічныя рэжымы працы нафтаперапрацоўчых заводаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі