Кітайскую амбасаду ў Бішкеку штурмаваў на аўтамабілі тэрарыст-смяротнік (відэа)
У сталіцы Кыргызстана Бішкеку адбыўся выбух, перадае Бі-Бі-Сі. Паведамляецца, што ён прагрымеў у паўднёвай частцы горада, у раёне амбасады Кітая.
Паводле папярэдніх звестак, ёсць загінулыя і пацярпелыя. Відавочцы сцвярджаюць, што гук выбуху і ўдарную хвалю пачулі ва ўсёй паўднёвай частцы Бішкека.
Па словах віцэ-прэм'ера краіны Жаніша Раззакава, якія перадае "Вечерний Бишкек", выбух зладзіў тэрарыст-смяротнік. На аўтамабілі "Міцубісі дэліка" ён пратараніў браму амбасады і падарваўся. Пры выбуху загінуў сам тэрарыст, а тры супрацоўнікі амбасады параненыя і знаходзяцца ў лякарні. Усе пацярпелыя — грамадзяне Кыргызстана.
Пакуль невядома, дзе падчас выбуху знаходзіўся пасол Кітая ў Кыргызстане.
Цяпер на месцы здарэння адбываюцца следча-аператыўныя дзеянні.