“Колькасць выпісаных мытных пляцяжоў павялічылася, напэўна, у пяць разоў”

“Колькасць выпісаных мытных пляцяжоў павялічылася, напэўна, у пяць разоў”

“Скажу вам шчыра: да 14 красавіка ў нас выпускалася 40 тысяч пасылак у дзень, а сёння — 28-30 тысяч у дзень. Змяншэнне ёсць, але невялікае — працы нам хапае. Бо хоць колькасць пасылак і зменшылася, але праз зніжэнне нормаў па вазе і кошце колькасць выпісаных мытных пляцяжоў павялічылася, напэўна, у пяць разоў”, — адчыняючы перада мной дзверы “Цэха міжнароднай паскоранай пошты” тлумачыць Ірына Лямцава, начальнік пункта мытнага афармлення “Мінская пошта”.

Высвятляецца, што адмаўляцца ад інтэрнэт-шопінгу беларусы не збіраюцца. Нягледзячы на тое, што па новых правілах можна толькі раз на месяц атрымаць пасылку з-за мяжы вагой не больш за 10 кілаграмаў і на суму не больш за 22 еўра. Гэта супраць ранейшых 31 кілаграма і 200 еўра. Больш па вазе ці па суме — плаці растаможку. Тое, колькі давядзецца даплаціць, вырашаюць інспектары на такіх вось паштовых пунктах мытнага афармлення, куды я і завітаў.

Пасылак бачу надзіва не так і шмат — на 28-30 тысяч дакладна не выглядае.

“Тут прымаюць паскораныя міжнародныя адпраўленні — яны даражэйшыя, і таму іх не вельмі многа”, — тлумачыць мой гід. І раскрывае прафесійныя таямніцы.

“Кожнае паштовае адпраўленне з-за мяжы падлягае мытнаму кантролю. Спачатку праз рэнтген, а потым ужо выбарачна на ручны дагляд. Тыя, дзе ёсць забароненыя для перасылкі рэчы, тыя, якія адпачатку трапляюць пад налічэнне мытных плацяжоў (у суправаджальных дакументах сума кошту пасылкі перавышае 22 еўра), і тыя, дзе не ўказаны мытны кошт пасылкі”.

Дарэчы (на гэта напярэдадні святаў Ірына Лямцава звяртае асаблівую ўвагу), забаронена пасылкай адпраўляць алкаголь. Пасылкі са святочнай пляшкай віна сваякам без дагляду проста адпраўляецца ў зваротны шлях — адпраўніку. У выніку той заплаціць за пасылку два разы: за адпраўленне і за дастаўку назад.

Найчасцей пасылкі прыходзяць з Нямеччыны, Італіі, Кітая, Турцыі, ЗША. Як да 14 красавіка, так і цяпер у пасылках абутак, адзежа, касметыка, “нейкія бытавыя рэчы ды футляры для тэлефонаў”.

Цікаўлюся, як выбіраюцца пасылкі з указаным коштам тавару для "ручнога дагляду". Тут усё проста: рэнтген паказвае, да прыкладу, мабільны тэлефон, які па дакументах каштуе 7 долараў.

“Калі тэлефон суправаджаюць дакументы, які пацвярджаюць гэты кошт — пакладзены ў каробку інвойс ці нейкі рахунак, — мы просім у чалавека выпіску з банка, што ён аплачваў гэты тэлефон, і прымаем да ўвагі гэты кошт. Але ў большасці выпадкаў гэтыя інвойсы-рахункі адсутнічаюць, таму мы ацэньваем самастойна: заходзім на сайт, глядзім аналагічныя тавары і бяром гэты кошт”, — тлумачыць Ірына Лямцава.

Калі ж набываеце нейкую рэч па акцыі, то лепш зрабіць скрыншот старонкі сайта. Бо пакуль тавар дойдзе да Мінска, акцыя можа скончыцца, і даказвай тады! Магчыма, у вас узнікае пытанне: калі да тэлефона прыкладзены інвойс, то навошта патверджанне з банка аб аплаце? А гэта каб пакупнікі і сайты не ўступалі ў “злачынную змову” з мэтай падману беларускай дзяржавы!

“Нашы атрымальнікі дамаўляюцца з інтэрнэт-сайтамі, і тыя канкрэтна зніжаюць кошт. І таму цяпер прыходзяць сотавыя тэлефоны па 7 долараў. Калі раней амаль усе пасылкі былі коштам да 200 еўра, то цяпер кожная другая пасылка ідзе заяўленым коштам 7, 8 ці 20 еўра. А ніяк не 25 і не 30 еўра! Але ж мы таксама можам зайсці на сайт інтэрнэт-крамы і паглядзець, колькі рэальна каштуе гэты тавар! Не, вядома, часам бываюць зніжкі для пастаянных кліентаў, але для гэтага і трэба, каб нам прадставілі выпіскі з банка аб аплаце, скрыншот свайго “кабінета” — даказаць гэты кошт”.

Яшчэ сродак падману: цэннікі з рэчаў абразаюць і кладуць у кішэню, а самі джынсы і курткі ідуць як “ужываныя рэчы”. Але ўсе кішэні правяраюць інспектары, такі нумар не пройдзе. Дарэчы, менавіта таму не варта такім чынам спрабаваць перадаць сваякам грошы: не дойдуць — іх вымуць з кішэні ў даход дзяржавы.

І пра пасылкі з ужыванымі рэчамі: іх таксама прыходзіць дастаткова шмат, кажуць мне супрацоўнікі пункту мытнага дагляду. І каб прадэманстраваць, як іх правяраюць, кладуць пад рэнтген пасылку з Ізраіля.

“Бачыце, у дакументах указана, што рэчы ўжываныя і што адпраўнік ацэньвае іх кошт у 40 долараў. На рэнтгене бачна, што ў пасылцы сапраўды нейкія ужываныя рэчы, прысмакі-цукеркі, дробныя падарункі. Таму распакоўвацца яна не будзе, а будуць налічаныя плацяжы па іншых крытэрах: перавышэння кошту альбо вагі”, — тлумачыць мне супрацоўніца пункту дагляду.

Звычайна пасылкі з ужыванымі рэчамі на “ручны дагляд” не трапляюць. Але калі трапяць і інспектары палічаць, што пакладзеныя туды рэчы хоць і ўжываныя, але рэальна каштуюць больш за 22 еўра — вам налічаць мытныя плацяжы. Адкрыю вам сакрэт, як таго “ручнога дагляду” пазбегнуць: трэба, каб быў указаны “задэклараваны кошт” тавараў. Хоць 8, хоць 20 еўра, а калі пасылка запакаваная па максімуме, то якіх 25-30 еўра. Па прынцыпе "лепш заплаціць растаможку за лішнія 5 еўра, чым за 50, якія налічаць інспектары". Бо без указанага кошту пасылка абавязкова будзе дагледжаная і растаможаная. Ну а ў выпадку, калі вы аплачваць суму растаможкі не хочаце і яе не забіраеце, пасылка вяртаецца адпраўніку.

Супрацоўнікі пункту дагляду расказваюць мне пра свае крыўды:

“Вельмі часта прыходзяць скаргі: нешта прапала з пасылкі. Дагляд праходзіць у прысутнасці двух аператараў сувязі, пад наглядам відэакамеры. Таму ні пра якія крадзяжы ці замены тавараў не можа і размова ісці!” — кажа Ірына Лямцава.

Праходжу па залу, гляджу як інспектары распакоўваюць пасылкі, вывучаюць тавары і суправаджальныя дакументы…

“Паболела працы пасля гэтага новаўвядзення?” — пытаюся ў адной з жанчын-інспектараў

“Канечне! — прызнаецца яна, не зважаючы на прысутнасць начальства побач. — Аб’ёмы павялічыліся і, натуральна, плацяжы павялічыліся. Трэба ўважліва глядзець, кантраляваць усё”.

Еўрарадыё: Але падмануць вашу пільнасць усё ж нейкім чынам можна?

Супрацоўніца: Спадзяюся, што не…

На развітанне цікаўлюся: ці не прывядуць такія нормы на пасылкі да таго, што людзі ўвогуле адмовяцца нешта набываць у замежных інтэрнэт-крамах?

“Я думаю, той чалавек, які раз замовіў і нешта атрымаў, ніколі не адмовіцца ад такіх пакупак. 22 еўра — гэта дастаткова добры крытэрый у асноўным. І, напэўна, 70% пасылак укладаецца ў гэты крытэрый бяспошліннага ўвозу. Таму будуць працягваць замаўляць”.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі