Колькі каштуе “аліўе” — параўноўваем цэны на прадукты ў Беларусі і Польшчы
Падлічваем, колькі трэба выдаткаваць на святочную страву
Салата “Аліўе” для большасці беларусаў — усё яшчэ галоўны кулінарны сімвал Новага года. Традыцыя застаецца нязменнай — у адрозненне ад цэн прадуктаў, якія па меры росту інфляцыі заўважна змяняюцца.
Летась мы падлічвалі, колькі будзе каштаваць прыгатаванне салаты паводле рэцэпту нашага рэдактара Змітра Лукашука ў Беларусі і суседніх краінах, што выклікала ажыятаж не толькі ў нашых чытачоў, але і ў прапагандысцкіх СМІ.
Сёлета мы праверым, як змяніўся кошт гатавання стравы ў Беларусі і Польшчы, і параўнаем іх з мінулым годам.
Класічны рэцепт і месцы пакупак
Апрабаваная раней метадалогія падлікаў застанецца той самай.
У якасці прыкладу мы возьмем рэцепт, якім карыстаецца Зміцер. Ён, нагадаем, разлічаны на святочнае застолле з дзесяці чалавек:
- 0,5 кіло бульбы
- 0,5 кіло варанай каўбасы
- 0,5 кіло морквы
- 2 бляшанкі кансерваванага зялёнага гарошку
- 10 яек
- тры цыбуліны
- салёны агурок
- пачак маянэзу
Для лепшай нагляднасці ў параўнанні цэн возьмем лічбы з самых распаўсюджаных прадуктовых гандлёвых сетак. У Беларусі гэта “Еўраопт” (сэрвіс “Е-дастаўка”), а ў Польшчы — “Бедронка”. Разглядаць будзем самыя танныя прапановы, у тым ліку акцыйныя, станам на 13 снежня.
Польшча — танная бульба і дарагія яйкі
Пачнём з замежжа.
У “Бедронцы” кіло бульбы каштуе прыкладна 3-4 злотыя, але можна набыць і за 1,29.
Ідзём далей па каўбасу. У нашым варыянце гэта гатунак “мартадэла” — набываем за 3,09 злотага за палку вагой 400 грамаў.
Маладую моркву набываем за 3,99 злотага за кіло. Кансерваваны гарошак па 400 грамаў у ёмістасці каштуе 2,69 злотага, то-бок 5,38 за дзве бляшанкі. Пачка з 10 курыных яек абыдзецца ў 10,99 злотага.
Фіналізуем усё цыбуляй (4,49 злотага за кіло), слоікам кансерваваных агуркоў (920 грамаў за 9,29 злотага) і банкай маянэзу “Напалеонскі” (450 мл за 8,49 злотага).
Агулам “аліўешны” набор паводле версіі “Бедронкі” абыдзецца ў 47,01 злотага, што ў пераліку на еўра па курсе Нацбанка Польшчы — 11 еўра.
Беларусь — таннае амаль усё
Вяртаемся на радзіму.
У “Е-дастаўцы” мытую бульбу возьмем за 1,99 рубля за кіло.
Чатырохсотграмовая палка каўбасы “Мартадэла новая” на зніжцы каштуе 3,69 рубля.
Фермерская нямытая морква пацягне 0,90 рубля за кіло. Але паколькі фасоўка тут 1,8-2 кіло, давядзецца заплаціць 1,8 рубля. Самы танны кансерваваны гарошак — расійскі, са Смаленскай вобласці — будзе каштаваць 2,7 рубля за дзве бляшанкі. Дзясятак яек па акцыі купляем за 2,99 рубля.
Клубні рэпчатай цыбулі ўраджаю 2024 года каштуюць 1,56 рубля за кілаграм, але з улікам фасоўкі на 1,3 кіло атрымаем 2,03 рубля за кіло, слоік марынаваных агуркоў аб’ёмам 720 грамаў на акцыі абыдзецца ў 6,29 рубля, 400-грамовы пачак маянэзу “Правансаль” на акцыі абцяжарыць нас 2,29 рубля.
“Аліўешны” набор у беларускім выкананні агулам пацягне на 23,78 рубля, ці, у пераліку па курсе Нацбанка на еўра, 6,5 еўра.
Абіраем пераможцу
Няма пра што казаць, у спаборніцтве на таннасць сапраўды перамог беларускі прадуктовы кошык, які ў пераліку на еўра адарваўся ад польскага трохі менш чым у два разы.
Пры гэтым адносна мінулагодняга падліку абодва спажывецкія кошыкі выраслі ў цане. Беларускі — 22,84 рубля і 6,3 еўра ў 2023 годзе супраць 23,78 і 6,5 сёлета, а польскі — 44,99 злотага і 10,3 еўра ў 2023 годзе і 47,01 злотага і 11 еўра сёлета.
Пры гэтым важна памятаць, што сярэдні заробак у Польшчы істотна вышэйшы, чым у Беларусі. У Польшчы ён складае прыкладна 8 тысяч злотых (ці 1872 еўра), а ў Беларусі — 2363 тысячы рублёў (ці 645 еўра па курсе Нацбанка).
То-бок калі адштурхоўвацца ад афіцыйнай статыстыкі, палякі на свае грошы могуць набыць у тры разы болей прадуктаў, чым беларусы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.