Падзеж жывёлы ў Беларусі вырас на 20% —дзяржкантроль шакаваў справаздачай
Чэрап каровы
Паводле звестак Белстата, за першыя пяць месяцаў 2024 года ў сельгасарганізацыях Беларусі зафіксавалі 61,6 тысячы выпадкаў смерцяў быдла, што на 20,2% больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года. Пра гэта Еўрарадыё даведалася з ліста дзяржкантролю да Савета Міністраў ад 1 ліпеня 2024 года. Дакумент рэдакцыі перадалі сілавікі BELPOL.
Найбольшы рост смерцяў адзначана ў Магілёўскай вобласці — 157,3% да ўзроўню мінулага года, што складае 11,9 тысячы загінулых жывёл.
У Мінскай вобласці рост склаў 125,3% (13,6 тыс. галоў), у Гродзенскай — 126,2% (7,3 тыс. галоў), у Брэсцкай вобласці — 10,1 тыс. галоў (113,9% да студзеня — траўня 2023 г.), у Віцебскай — 6,4 тыс. галоў (102,2%), у Гомельскай — 12,3 тыс. (103,4%).
Так, напрыклад, у Шклоўскім раёне зафіксавалі павелічэнне смерцяў жывёлы ў 2,6 разу (з 77 да 199 галоў). Парушэнні тут уключаюць недастатковае кармленне, невыкананне санітарных нормаў і адсутнасць запасаў сена. А ў Пружанскім раёне рост склаў 2,1 разу (да 196 галоў) праз нясвоечасовы аналіз крыві цялят на імунаглабуліны.
Пагаршэнне сітуацыі назіраецца ў 89 з 118 раёнаў краіны.
Асноўнымі прычынамі падзяжу жывёлы чыноўнікі называюць парушэнне тэхналагічных рэгламентаў па кармленні і ўтрыманні жывёлы — такія праблемы выяўленыя ў 70% правераных жывёлагадоўчых гаспадарак.
Адбіваецца недахоп кваліфікаваных спецыялістаў: многія вакансіі заатэхнікаў і ветэрынараў застаюцца незапоўненымі. Таксама кантралёры адзначылі невыкананне элементарных санітарных нормаў і ўмоваў утрымання, уключаючы забруджанасць памяшканняў гноем і перапоўненыя гнаясховішчы.
Жывёлы ў гноі
Дзяржкантроль прыводзіць прыклады выяўленых правапарушэнняў.
Напрыклад, у саўгасе "Лідскі" Лідскага раёна на малочна-таварным комплексе "Крыніцы" ў асобных дамках цяляты ўтрымліваліся па двое. Акрамя таго, дамкі для цялятаў былі запоўненыя гноем. Праз гэта падзеж жывёлы за 5 месяцаў павялічыўся ў 1,9 разу — да 111 галоў.
А ў камунальным прадпрыемстве "Драпава" Слонімскага раёна на малочна-таварнай ферме "Ваўчкі" двое цялят на момант маніторынгу знаходзіліся на вуліцы, прывязаныя вяроўкай за нагу да плота. Пры гэтым цяляты былі без вады і камбікорму.
Вырашыць узніклую праблему чыноўнікі спрабуюць традыцыйным спосабам — запалохваючы работнікаў турэмнымі тэрмінамі.
У прыватнасці, Савет Міністраў даручыў абласным уладам сумесна з Камітэтам дзяржкантролю прыняць так званыя "дадатковыя меры" — кіраўнікам раёнаў і прадпрыемстваў, якія дапусцілі пагаршэнне сітуацыі, прыгразілі дысцыплінарнай адказнасцю.
Чыноўнікі плануюць узмацніць кантроль за выкананнем тэхналогій утрымання і кармлення жывёл, маніторыць групы па кантролі за падзяжом і спаганяць шкоду за звышнарматыўныя смерці жывёлы. Таксама стаіць задача забяспечыць належныя ўмовы для цялятаў, уключаючы індывідуальныя дамкі і малочныя пастэрызатары.
Дзяржкантроль падкрэслівае ў сваім звароце, што для выпраўлення сітуацыі не патрабуецца значных фінансавых укладанняў, але неабходныя адказнасць і дысцыпліна на месцах.
Вынікі працы па зніжэнні падзяжу мусілі быць прадстаўленыя Савету Міністраў да 1 ліпеня 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.