Небяспечную хваробу выявілі ў беларускіх кароваў, яна пагражае і людзям

Каровы, ілюстрацыйнае фота

Каровы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларускія чыноўнікі ўстурбаваныя падзяжом буйной рагатай жывёлы. Як выявілі журналісты "Зеркала", прычынай праблемы можа быць рост выпадкаў бруцэлёзу. Інфармацыю пра ўспышку бруцэлёзу сярод кароваў рэдакцыі пацвердзіла крыніца, знаёмая з сітуацыяй, і BELPOL.

Для жывёлы бруцэлёз можа быць смяротным. Напрыклад, лячэнне бруцэлёзу ў буйной рагатай жывёлы дагэтуль не распрацаванае. У людзей на ранняй стадыі з хваробай лёгка справіцца, але без лячэння яна прыводзіць да разбурэння ўнутраных органаў.

Людзі могуць заразіцца бруцэлёзам пры кантакце з хворай жывёлай ці ўжыванні сырога малака ад хворых жывёл і прыгатаваных з яго малочных прадуктаў (сыр, масла, тварог), а таксама недастаткова праваранага і прасмажанага мяса. Хвароба нагадвае грып і праходзіць цяжка. Лятальных вынікаў сярод людзей каля 2%.

"Зеркало" піша, што бруцэлёз сярод кароваў выявілі на пачатку лета, пераважна ў Магілёўскай вобласці. "У выніку жывёла масава ідзе на забой і на Магілёўскі мясакамбінат. Малако даводзіцца накіроўваць на тыя віды перапрацоўкі, у якіх высокая тэмпература апрацоўкі. Гэта значыць, з малака заражаных кароў нельга вырабляць сыр, масла і пітное малако. Яго пускаюць толькі на сухое малако", — кажа суразмоўца выдання. Увосень масавыя выпадкі бруцэлёзу выявілі і ў Віцебскай вобласці.

Дакументы, выяўленыя BELPOL, сведчаць, што Мінздароўя загаварыла пра рост выпадкаў бруцэлёзу на Магілёўшчыне яшчэ ў сакавіку 2024-га. Раней такія выпадкі былі адзінкавымі. Напрыклад, з чэрвеня 2023-га да сярэдзіны снежня такі дыягназ у Магілёўскай вобласці паставілі аднаму чалавеку. А з 13 снежня 2023-га па 29 лютага 2024 года новых пацыентаў было ўжо 11. 

Небяспечную хваробу выявілі ў беларускіх кароваў, яна пагражае і людзям
Карова / pixabay.com

Мінздароўя праверыла, як у сельскіх гаспадарках і на бойнях вобласці выконваюць санітарныя нормы. — вынікі аказаліся нездавальняючымі. На адных прадпрыемствах персаналу не давалі ўсе належныя сродкі абароны, на іншых не працавалі душавыя, і работнікі, якія кантактавалі з хворымі жывёламі, маглі далей распаўсюджваць інфекцыю.

Узяць пад кантроль сітуацыю не ўдалося: захворванне стала распаўсюджвацца. 25 чэрвеня адбылося пасяджэнне Віцебскага абласнога штаба па прыняцці экстранных мер "па ліквідацыі афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных хвароб жывёл". Асноўным пытаннем, якое разглядалі на паседжанні, быў бруцэлёз.

Аднак да восені справіцца з хваробай не здолелі. У Магілёўскай вобласці заражэнне фіксуецца ў 10 раёнах (18 гаспадарак і 26 фермаў). На Міншчыне праблемных раёнаў чатыры (пяць гаспадарак і шэсць фермаў). У Віцебскай і Гомельскай абласцях хворых жывёл выявілі ў трох раёнах. У дакументах, выяўленых BELPOL, гаворыцца, што жывёлу ў праблемных гаспадарках правяраюць кожныя 30 дзён. Прымаюцца і іншыя меры бяспекі: хворых жывёл здаюць на забой, малако старанна абеззаражваюць.

У справаздачах Мінздароўся фіксуецца рост захворання на бруцэлёз сярод людзей. Ад 13 снежня мінулага года па 2 жніўня 2024-га было выяўлена 49 выпадкаў бруцэлёзу па краіне. Прычым 45 з іх — у Магілёўскай вобласці. Яшчэ тры пацыенты ёсць у Гродзенскай і адзін — у Віцебскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі