Мінскія ўлады адказалі, што рабіць пры высокіх цэнах на таксі
Таксоўка, ілюстрацыйнае фота
Тыя, каму стала дорага ездзіць на таксі, могуць карыстацца наземным транспартам. Так першая намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч адказала ў эфіры дзяржтэлеканала СТБ на крытыку высокіх цэн.
"Калі вы не згодныя з цэнаўтварэннем таксі, для вас дорага, у нас ёсць наземны транспарт, падземны транспарт, цалкам лагістычныя шляхі выбудаваныя ў Мінску, маршруткі. Таму права выбару для чалавека ёсць. Не ўсё сышлося на таксі", — заявіла чыноўніца.
Таксама яна зазначыла, што ў Мінску з'яўляюцца новыя прыпынкі, адкрываюцца станцыі метрапалітэна і гэтак далей. Наземным грамадскім транспартам, паводле Лазарэвіч, можна даехаць больш зручна, чым на таксоўцы і "больш хутка ў нейкіх ступенях".
Улады з 1 лістапада памянялі правілы дзейнасці таксовак і маршрутак. Яны ўсе павінны зарэгістравацца ў Адзіным рэестры і выконваць шэраг патрабаванняў. Пасля гэтага колькасць таксовак у краіне скарацілася на 25%. Для карыстальнікаў павялічыўся час чакання і выраслі расцэнкі. Апошнім часам колькасць зарэгістраваных таксовак паволі пачала павялічвацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.