Кожнаму беларусу — па зарплаце ад Расіі

Беларускія ўлады папрасілі ў расійскага боку 1,5 мільярдаў долараў. З гэтай нагоды у нас 2 навіны: адна добрая, другая дрэнная. Добрая – з’явілася верагоднасць, што адносіны паміж краінамі наладжваюцца. Дрэнная – Беларусь распісалася ў слабасці эканомікі.
У беларусіх уладаў было два варыянты выйсця з сітуацыі, якая склалася пасля павышэння Расіяй коштаў на газ: перанесці праблемы на насельніцтва, то бок павысіць тарыфы на камунальныя паслугі, паменшыць зарплаты; ці на прадпрыемствы. Аднак улады проста пазычаюць грошы. А расплачвацца давядзецца не цяпер. Гэтым сябе і ўратоўваюць.

Аднак у нашага брата таксама ёсць свае прычыны даваць нам пазыку. У Расіі зараз 306 мільярдаў рэзервных долараў, якімі яна можа вольна распараджацца. Працягвае эканаміст Леанід Заіка:

“1,5 мільярда няшчасным глупым беларусам можна выдзяліць. А сэнс заключаецца ў тым, каб зараз выдаваць гэтыя грошы як крэдыты. Яны будуць накоплівацца. А пасля можна за гэтыя грошы запатрабаваць частку ўласнасці: калійны камбінат, металургічны завод і гэтак далей”.

Для чаго такія грошы беларусам? Хутчэй за ўсё, крэдыт можа пайсці на аплату энерга-рэсурсаў. Да прыкладу, яшчэ нядаўна Беларусь плаціла за расійскі газ каля 90 мільёнаў долараў у год, цяпер жа – больш за 2 мільярды.

І тут узнікае супярэчнасць: Расія павышае кошты на газ і ў той жа час дае на яго крэдыт. Атрымліваецца, яна пэўным чынам сама аплачвае свой газ. Але расійскі эканаміст Яўген Ясін лічыць такую сітуацыю абсалютна нармальнай:

“Гэта зусім не смешна, гэта нармальна. Трэба ўлічваць інтарэсы партнёра. З аднаго боку ўзаема-выгадныя адносіны, з іншага боку – сяброўства, магчымыя толькі тады, калі прымаюцца да ўвагі інтарэсы партнёра”.

Эканамісты кажуць, што гэтыя грошы хутчэй за ўсё не пойдуць на будаўніцтва атамнай электрастанцыі ці нейкіх іншых аб’ектаў, альбо на адукацыйную ці сферу аховы здароўя. У Беларусі цяпер не тая сітуацыя, калі яна магла б, не выправіўшы існуючага становішча, брацца за новыя праекты.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі складае 30 мільярдаў долараў. Знешняя пазыка – 800 мільёнаў долараў. Разам з крэдытам, які мы папрасілі ў Расіі, пазыка дасягне 2 мільярдаў 300 мільёнаў долараў, а з працэнтамі – амаль 3 мільярды, што складае каля 10% ад валавага ўнутранага прадукта Беларусі.

Нягледзячы на гэтыя разлікі, палітолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць, што такі крэдыт цалкам пад’ёмны для нашай краіны, і ўлады могуць пайсці на гэты крок з мэтай уласнага піяру:

“Што тычыцца палітычнага боку, то ён тут відавочны. Прадстаўленне Расіяй такога крэдыту сведчыла б аб тым, што нармалізваныя адносіны паміж Беларуссю і Расіяй зноў вярнуліся. І гэта дасць падставу Лукашэнку казаць, што ўсё мірна вырашылася.

Я думаю, што палітычны бок і паспрыяў таму, каб Беларусь звярнулася за крэдытам менавіта да Расіі”.


А што ад гэтага звычайнаму беларусу? Калі раптам нашыя ўлады аддадуць грошы свайму народу, то на кожнага чалавека атрымаецца па 150 долараў. Адпаведна, калі падзяліць крэдыт сярод працаздольнага насельніцтва, то кожны прыдбае 300 долараў.

А гэта – прыкладна адна зарплата. Што ж, месяц можна было б не працаваць. Але думаецца, што з атрыманнем пазыкі, працаваць давядзецца яшчэ больш.


Фота — sidereus.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі