Кожны год вышэйшая адукацыя ў Беларусі даражэе прыкладна на 100 долараў

Пра падвышэнне коштаў на навучанне ў БДУ, якое адбылося ў сярэдзіне лютага, пісалі як пра шараговую з’яву. Сапраўды, кошты на адукацыю паўзуць уверх не менш упарта, чым слімак па схіле Фудзі.

Таму, калі платнікам загадваюць выкласці са сваіх кішэняў на 30–35 баксаў больш, ніхто ўжо не здзіўляецца.

Праўда, рэгулярнае падаражанне права грызці граніт навукі ўласціва не толькі флагману айчыннай адукацыі, але і іншым ВНУ.

Супрацоўніца дэканата аўтатрактарнага факультэта (АТФ) БНТУ: “У нас аплата прывязана да стаўкі першага разраду і базавай велічыні. Як толькі падвышаецца велічыня – дык у нас, адпаведна, падвышаецца аплата.

Па дамове – раз на квартал. У мінулым годзе было 2 мільёны 100 тысяч, зараз стала 2,500,000”.

АТФ БНТУ – тыповы для Беларусі выпадак. Падвышэнне коштаў на адукацыю тлумачыцца найперш падвышэннем тарыфнай стаўкі першага разраду, якая, у сваю чаргу, залежыць ад інфляцыі.

Згодна з афіцыйнымі звесткамі, інфляцыя ў мінулым годзе склала каля 8% – прыкладна такі ж рост прадэманстравалі кошты на універсітэцкую адукацыю.

Праўда, і тут ёсць свае выключэнні, адно з якіх – Гродзенскі аграрна-тэхнічны універсітэт.

Супрацоўніца дэканата факультэта бухгалтарскага ўліку ГрАТУ: “Я працую тут ужо 3 гады, і за гэты час кошты на адукацыю не падвышаліся. 

Гэтае пытанне перыядычна паўстае, але як для студэнтаў дзённай формы навучання, так і для завочнікаў кошты застаюцца нязменнымі.

У нас не ад базавай залежыць. У нас усё ў доларах. Вучыцца на завочным каштуе 350 долараў, на стацыянары – 600”.

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце кошты на адукацыю прывязаныя да долара, але ўсё роўна рэгулярна падвышаюцца. Чаму?

Студэнтам тлумачаць, што курс долара, у сваю чаргу, прывязаны да курса еўра. Амерыканская валюта зараз губляе свае пазіцыі адносна еўрапейскай, таму адукацыя і даражэе. Распавядае Андрэй, студэнт 3-га курса аднаго з факультэтаў БДЭУ.

Андрэй: “На гэтай сесіі, напрыклад, у нас было тры іспыты. Трэці іспыт перанеслі на 22-е і абавязалі ўсіх заплаціць за адукацыю да 20-га, прычым за гэты час універ паспеў двойчы падняць кошты.

Тыя, хто да 20-га не паспеў аплаціць, да апошняга іспыту не дапускаліся”.

Апошнім разам адукацыя ў БДЭУ падаражэла на 20 долараў. Здаецца, дробязь, але рубель з граша паходзіць. Працягвае Андрэй.

Андрэй: “Калі я паступаў, поўны кошт адукацыі быў каля 860 долараў, зараз яна ў раёне 1150-ці. У дамове напісана, што ўнівер мае права падвышаць кошты на адукацыю па сваім меркаванні. 

Там ні да чаго не прывязана: захацелі – падвысілі. Як яны гэта вырашаюць – нам, простым студэнтам, невядома”.

Сёння вышэйшая адукацыя – гэта тавар, якім гандлююць згодна з законамі рынка. Пакуль на яе ёсць попыт – будзе і прапанова. 

Прычым нахабства гандляроў залежыць не толькі ад тарыфнай стаўкі ці курса еўра, у параўнанні з якім падае долар, але і ад ажыятажу, які ўтвараецца вакол іх “гандлёвых кропак”.

Каб не стаць закладнікамі свайго жадання атрымаць універсітэцкі дыплом, – уважліва чытайце дамовы, якія падпісваеце. Ці шукайце універ, кошты на адукацыю ў якім не растуць прынцыпова.

Дарэчы, Гродна – цудоўны горад, і спецыялісты з вышэйшай адукацыяй там вельмі запатрабаваныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі