Кропку з насваем, пра якую расказала Еўрарадыё, гучна прыкрылі? (ВІДЭА)

У сераду, 23 ліпеня, на сайце euroradio.fm было выстаўленае відэа, на якім малады чалавек у цэнтры Мінска прадае насвай. Гэта быў не першы наш сюжэт пра папулярную сталічную кропку.

Рэакцыя на відэа была імгненная. У той жа дзень на тэлеканале “Беларусь 1” выйшаў рэпартаж пра тое, як таго самага маладога чалавека і яго напарнікаў затрымліваюць праваахоўнікі. Пры гэтым тэлевізійнікі спасылаюцца на ўрыўкі з еўрарадыйнага відэа.

Зрэшты, гандляроў, якія фігуруюць на відэа, затрымліваюць і штрафуюць перыядычна. Судзімасцяў яны ўсё адно не атрымлівалі, а грашовыя пакаранні хутка адбіваліся. Як выказаўся ў тэлесюжэце галоўны падаткавік Савецкага раёна, і гэтым разам правапарушальнікаў чакае “чарговая канфіскацыя тавару да суда і штраф”.

У мінулым годзе на гэтых жа хлопцаў распачалі крымінальную справу па артыкуле “Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць”. Але яна была прыпыненая. Гэты факт у некаторых праваахоўнікаў выклікаў неразуменне. Сітуацыю разглядалі нават у Генпракуратуры.

Як паведамілі днямі Еўрарадыё ў Следчым камітэце, вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да мінскіх гандляроў насваем была адноўленая.

Імаверна, фігуранты справы пра гэта не ведалі і без задняй думкі працягвалі гандаль. А тут на іх кропку апроч наркапаліцэйскіх пачалі наведвацца яшчэ і журналісты. А як не завітаеш! На міліцэйскіх сайтах перыядычна з’яўляецца інфармацыя пра затрыманыя партыі насваю, а маладзёны працягваюць псіхаактыўнай сумессю гандляваць. Што ж гэта за бясстрашныя супермены? Цікава ж на іх паглядзець.

Нагадаем, што насвай не ўключаны ў рэспубліканскі наркапералік. Але беларускія  спецыялісты называюць гэтую сумесь псіхаактыўнай. Еўрарадыё зацікавілася праблемай з насваем, калі бацькі няпоўнагадовых наркаспажыўцоў расказалі, што іх дзеці пачалі менавіта з гэтай сумесі. Хоць насвай нібыта і лічыцца бяскрыўдным.  

Днямі і Генпракуратура выказалася Еўрарадыё пра тое, што “праблема з насваем вырашаецца”.

Магчыма, ужо цягам гэтага года псіхаактыўную сумесь уключаць у адзін з “чорных спісаў”, а распаўсюднікаў будуць караць крымінальнай адказнасцю. 

Фота tvr.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі