Кубінскага лекара ўратавалі ад Эболы
Супрацоўнік гуманітарнай місіі ў Сьера-Леоне заразіўся небяспечным вірусам і быў дастаўлены на лекаванне ў Швейцарыю.
Кубінскі медык Фелікс Баэс Сарыя ўваходзіў у склад міжнароднай каманды лекараў, якія працавалі ў Афрыцы з хворымі на небяспечны вірус. Першыя сімптомы ліхаманкі з’явіліся ў Сарыі 16 лістапада, пасля чаго ён быў дастаўлены ў лякарню ў Сьера-Леоне для спецыяльнай праверкі. На наступны дзень тэсты пацвердзілі дыягназ і лекара накіравалі ў Швейцарыю.
Там ён прайшоў курс лекавання. Тэсты паказваюць, што ў яго арганізме не засталося віруса Эболы і неўзабаве кубінскага медыка выпішуць.
Раней Сусветная арганізацыя аховы здароўя заключыла кантракт з урадам Кубы, згодна з якім САЗ гарантуе перасоўванне ў трэція краіны персанала, які працуе ў Заходняй Афрыцы. У Сьера-Леоне працуюць 165 кубінскіх лекараў.
Паводле звестак САЗ на 30 лістапада, агульная колькасць ахвяраў ліхаманкі Эбола склала 6070 чалавек. Колькасць інфікаваных — 17 145 чалавек. Ачаг віруса знаходзіцца ў Заходняй Афрыцы, перадаюць замежныя інфармагенцтвы.