Куратарка праекта “Музеі Беларусі” патлумачыла прычыны памылак на білбордах
Апошнімі днямі некалькі сацыяльных білбордаў на тэму культуры сталі крыніцамі скандалаў. У беларускамоўных надпісах былі выяўленыя граматычныя і нават фактычныя памылкі. Апошнім з такіх выяўленых білбордаў быў плакат, прысвечаны праекту "Музеі Беларусі".
Ксенія Тарасевіч, куратарка праекта “Музеі Беларусі”, у каментары Еўрарадыё тлумачыць, што памылкі на білбордзе з’явіліся праз чалавечы фактар:
Тарасевіч: “Арфаграфічныя памылкі на дадзеным білбордзе з’явіліся таму, што спрацаваў чалавечы фактар. Праз вялікую загрузку самога спецыяліста, які быў адказным за праект, файлы былі пераблытаныя. Адпаведна, мы накіравалі ў друк варыянт з памылкамі, на жаль”.
Тарасевіч звяртае ўвагу, што праблема выпраўляецца і плакаты на білбордах хутка будуць замененыя. Арганізатары праекта прыносяць прабачэнні за памылкі і дзякуюць за тое, што яны хутка былі заўважаныя.
Таксама арганізатары праекта заклікаюць людзей завітаць на сайт. Бо, па іх словах, “праект вельмі цікавы і варты ўвагі”.