Куры падаражэлі, таму што іх забаранілі прадаваць ІП

Пераход прадпрымальнікаў ва ўнітарныя прадпрыемствы ўжо ўплывае на цэны на рынках Дзяржава пачала давіць на прадпрымальнікаў: спачатку з імі перасталі супрацоўнічаць птушкафабрыкі, а зараз плануецца забараніць ім увозіць аддзенне і абутак. У святле апошніх падзей становяцца зразумела, што хаваецца за словамі віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова пра паскарэнне працэсу пераходу ІП ва ўнітарныя прадпрыемствы: трэба зрабіць гэта - “неадкладна і любымі сродкамі”. Нягледзячы на тое, што рабочая група на чале з Кабяковым была створана толькі 14 верасня. Ужо праз чатыры дні з’явіўся загад “Белптушкапрама”: беларускім птушкафабрыкам забаронена прадаваць сваю прадукцыю ІП-эшнікам.
Еўрарадыё вырашыла дазнацца, як фабрыкі выконваюць загад і патэлефанавала на баранавіцкую птушкафабрыку.

Аддзел збыту: Мы зараз з індывідуальнымі прадпрымальнікамі не працуем. Гэты загад нам прыйшоў ад “Белптушкапрама”, таму з 19 верасня мы не супрацоўнічаем з ІП.

Тыдзень таму Еўрарадыё расказвала гісторыю, што сталічным прадпрымальнікам беларускія птушкафабрыкі перасталі прадаваць сваю прадукцыю. Індывідуальны прадпрымальнік Ганна Краўчанка абураная такім рашэнням “Белптушкапрома”.

Ганна Краўчанка:
Людзі зараз сядзяць без тавара. Выйшлі мы на Дэпартамент прадпрымальніцтва і спадара Каліноўскага, але ён сказаў: “Дайце мне дадзеныя, і я буду разбірацца з гэтым пытаннем”. Будзе гэта праблема рашацца на гэтым тыдні ці не - ніхто не ведае. Але ІП зараз без працы.

Паводле слоў ІП Алеся Макаева, яшчэ 2 кастрычніка (у дзень страйку) амаль ніхто з прадпрымальнікаў не ведаў аб такім рашэнні, бо нягледзячы на загад, куры яшчэ прадавалі амаль два тыдні, але сёння пра гэта ўжо ніхто не хоча гаварыць. Дарэчы, летам таксама былі праблемы з курамі: іх прадавалі неахвотна, спасылаючыся на адсутнасць прадукцыі. Але тады нават ніхто не мог падумаць, што хутка птушка стане дэфіцытным прадуктам.

Саломы ў агонь падклаў яшчэ і старшыня канцэрна “Беллегпрам” Эдуард Нарышкін, які заявіў, што ўвозіць прадукцыю лёгкай прамысловасці павінны юрыдычныя асобы, а не ІП. Па словах прэс-сакратара “Беллегпрама” Вольгі Якімовіч, такім чынам канцэрн абараняе рынак ад чаўнакоў.

Вольга Якімовіч:
Па-першае, дакументаў такіх няма. Я лічу, што яго заява была заўчаснай і не ведаю, як яго пракаментаваць. Нам хочацца, каб увозілі толькі юрыдычныя асобы, каб абараніць наш рынак ад так званых чаўнакоў. Але пакуль дакументаў няма.

Ужо зараз можна прагназаваць рост коштаў на адзенне і абутак. Тыя ж куры за апошні тыдзень значна падаражэлі. І гэта тлумачыцца тым, што прадпрымальнікі вымушаны закупляць кур у юрыдычных асоб.

Ганна Краўчанка:
На выходных была ў Нясвіжы: там дэфіцыт птушкі кідаецца ў вочы. На прылаўках мізэрны выбар. І такая сітуацыя ва ўсіх правінцыяльных гарадах. І цэны, канешне, узляцелі. Чаму? ІП гандлююць рэштаю прадукцыі ці закупляюць яе ў іншых фірмах, таму і ідзе такая накрутка.

У такіх ”спрыяльных” умовах здольныя выжыць не ўсе ІП-эшнікі. Так, на жлобінскім рынку на продаж выстаўлена 21 гандлёвая кропка.

Фото - photosight.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі