Ліцэістка: Гарадскі панадворак не змог русіфікаваць мяне ў дзяцінстве
Навучэнцы Коласаўскага ліцэя расказваюць пра тое, якая роля бацькоў у іх выхаванні, а настаўнік Алег Трусаў адкрывае планы на будучыню.
На працягу трох дзён у нашай варшаўскай студыі разам з ліцэістамі Коласаўскага ліцэя мы абмяркоўвалі будучыню Беларусі. Цыкл сустрэч з імі Еўрарадыё арганізавала ў супрацы з польскім Клубам каталіцкай інтэлігенцыі. Прапануем вашай увазе трэцюю частку размовы: з ліцэістамі Янінай, Алесем і Паўлам, а таксама з настаўнікам — Алегам Трусавым, які адначасова з’яўляецца старшынёю Таварыства беларускай мовы.
Еўрарадыё: Пытанне да настаўніка. Ці падымаеце вы, апроч праблемаў гісторыі і геаграфіі, такія простыя і адначасова такія складаныя пытанні, як сяброўства, каханне?..
Алег Трусаў: Чаму ў нас вялікі конкурс, чаму людзі імкнуцца да нас? У нас ліцэісты не толькі вучацца. Палову часу займаюць розныя вечарыны, ліцэісты выпускаюць сваю газету “Трыкутнік”, дзе ёсць пытанні і пра каханне. Некаторыя ліцэісты потым бяруцца шлюбам — ёсць у нас такія выпадкі. Чалавек без сяброўства, без кахання — гэта не чалавек. На нашы вечарыны з’язджаюцца былыя ліцэісты з усяго свету. Нашы выпускнікі вучацца ў найбольш прэстыжных каледжах і ўніверсітэтах свету.
Еўрарадыё: З чаго, на вашу думку, пачынаецца Беларусь?
Яніна: Беларусь пачынаецца з усведамлення таго, што ты грамадзянін гэтай краіны. Потым — мова... І Беларусь не заканчваецца на гэтым. Беларусь — гэта шматлікае мноства розных складнікаў, якія чалавек выбірае сам.
Павел: Радзіма — гэта адзінства народа. Калі ты прачынаешся рана і глядзіш навіны на беларускай мове, даведваешся пра поспехі беларускіх спартоўцаў, даведваешся, што мы разам нешта зрабілі, тады ты адчуваеш, што мы — нацыя, мы — беларусы. Табе прыемна, што ты беларус, і ты гатовы працаваць на карысць Беларусі.
Еўрарадыё: А не хацелася б, каб не было ніякіх беларусаў, ніякіх іспанцаў — каб усе былі касмапалітамі?
Павел: Гэта нейкае футурыстычнае пытанне…
Еўрарадыё: Напрыклад, Facebook і іншыя сацыяльныя сеткі набліжаюць да нас гэтую перспектыву, межы сціраюцца і маладыя людзі ў Еўропе адчуваюць сябе менавіта еўрапейцамі.
Павел: Я б усё ж такі адказаў, што я — беларус…
Еўрарадыё: А для цябе, Алесь, з чаго пачынаецца Беларусь?
Алесь: Радзіма — гэта тое месца, дзе ты сябе адчуваеш духоўна ўтульна. Там цябе людзі вітаюць, там ты адчуваеш сябе часцінкай гэтай суцэльнасці — Беларусі. Калі ўсе людзі наўкола размаўляюць на роднай мове, якую табе надае гісторыя, якая пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Але, як мы ведаем, мы маем шмат праблем з гэтым. Пэўны мой знаёмы, калі я сказаў яму, што ты ж беларус і мусіш гаварыць па-беларуску, — той адказаў, што я беларус толькі паводле пашпарту. Ён жадае быць “рускім”, хоча, каб Беларусь была паглынутая Расіяй. Гэта — бяда.
Еўрарадыё: Што вы думаеце пра гэта? Ці бачыце вы нейкія зрухі на лепшае?
Алег Трусаў: Для мяне Беларусь пачынаецца з гісторыі. Размаўляць можна хоць на якой мове, або проста маўчаць па-беларуску. Але калі за табою тысячагадовая гісторыя — ты перш за ўсё адчуваеш сябе часткаю Беларусі, потым — Еўропы, а потым свету. Усе гульні ў касмапалітызм канчаюцца вельмі кепска. Канчаюцца тым, што паляць Лондан ці знішчаюць Парыж тыя людзі, якія прыехалі не з мэтай паглядзець Луўр, а з мэтай там добра зарабіць. Мы бачым, што цяпер у Еўропе такіх праблем вельмі шмат. Таму гісторыя — перадусім. Калі мы хадзілі па варшаўскіх музеях, я казаў дзецям, што бачыце — Міцкевіч з Наваградка, дынастыя Ягелонаў — цалкам беларуская, апошні Кароль з Беларусі, з Вочына, Пілсудскі размаўляў па-беларуску. Гэта рэзка мяняе ментальнасць. Таму, мы — еўрапейская нацыя з тысячагадовай гісторыяй. Змены на лепшае ў нас — каласальныя. Я пражыў удвая або і ўтрая больш, чым тут сядзяць. Калі я пераходзіў на беларускую мову, у 1982 годзе, я тады і думаць не мог, што будзе незалежная Беларусь, што будзе Ліцэй і што простыя падлеткі з Магілёва, як Яніна, будуць па-беларуску размаўляць. Тады гэта было проста немагчыма.
Еўрарадыё: Наколькі Ліцэй прысутнічае ў вас дома?
Алесь: Мы робім дамашняе заданне, бацькі калі-нікалі кантралююць, задаючы пытанні.
Еўрарадыё: Вы — найлепшая моладзь Беларусі. У вас,
мабыць, найлепшыя бацькі і іх так проста не ашукаеш: сказаць, што вышыня
Джамалунгмы
Яніна: Я ад нараджэння — беларускамоўная, бо мяне так выхавалі бацькі і мне пашчасціла з выхавальнікамі ў садку. Пакуль усе дзеці ішлі перасыпаць пясочак — я разгортвала Караткевіча і чытала “Дзікае паляванне караля Стаха”. Таму на панадворку мяне не змаглі русіфікаваць.
Еўрарадыё: Бацькі не зачынялі табе дзверы? Гэта ты сама рабіла?
Яніна: Бацькам гэта было за радасць, што я сяджу чытаю, што я вучуся, а не бегаю на падворку, што мяне не трэба шукаць.
Еўрарадыё: А ці твае бацькі адвялі цябе ў Ліцэй, ці ты сам сказаў ім: “хачу вучыцца ў Ліцэі”?
Павел: Знайшоў Ліцэй я сам, сам даведаўся пра яго ды толькі пасля падышоў ужо да бацькі і сказаў, што хачу вучыцца і дасягнуць нечага большага, чым у савецкай школе. Ён згадзіўся, а наконт дамашніх заданняў — ужо не так мяне і мутузіць, бо я сам вучуся, сам хачу чагосьці дабіцца.
Еўрарадыё: Уявім сабе 2032 год, толькі што абралі на другі тэрмін Мікалая Аляксандравіча Лукашэнку, вашы дзеці кончаць 8-ы клас. Што вы скажаце, калі вашае дзіцё будзе абувацца, апранацца, браць кветкі і ісці 1 верасня, напрыклад, у Ліцэй?
Павел: Скажу, што вучыся, сынку (ці дачка), бо веды — гэта ўсё. Грошай, мабыць, не заўсёды будзе ставаць, але веды заўсёды выратуюць, калі трэба.
Яніна: Я б сказала, што памятай: перш за ўсё ты беларус, нягледзячы на ўладу, нягледзячы на забароны, і ты павінен вучыцца, каб потым змагацца за радзіму.
Алег Трусаў: Я дадам, што мая дачка скончыла гэты Ліцэй, і я спадзяюся, што і мая ўнучка скончыць яго. Яна ўжо вучыцца ў беларускай гімназіі.
Еўрарадыё: Спадар Алег, які лёс чакае Ліцэй?
Алег Трусаў: Ліцэй будзе існаваць столькі, колькі лёс яму накануе. Ёсць аб’ектыўныя законы гісторыі. Я перакананы, што мы дажывём да таго часу, калі Ліцэй з нашым сцягам вернецца ў той будынак, дзе быў, зноў стане дзяржаўным і на яго базе будзе створаны першы нацыянальны беларускамоўны ўніверсітэт. ТБМ даўно зрабіла праект гэтага ўніверсітэта і мы проста чакаем такога моманту гісторыі. Магчыма, ён будзе заўтра, магчыма — праз 10 гадоў, але ён будзе.
А якім уяўляеце супрацоўніцтва паміж школаю ды бацькамі вы? З чаго для вас пачынаецца Беларусь? Далучайцеся да нашай дыскусіі з ліцэістамі ў каментарах.