Лічба дня: $900 млн выдаткавала Беларусь на стратныя цэментныя заводы
Прадпрыемства "Крычаўцэментнашыфер" / krichev.gov.by
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 21 мая апублікаваны ўказ кіраўніка дзяржавы №181 "Аб арганізацыях цэментнай галіны", які патрэбны для фінансавага аздараўлення стратных прадпрыемстваў "Беларускі цэментны завод", "Крычаўцэментнашыфер" і "Краснасельскбудматэрыялы". Гэтым заводам з бюджэту кампенсуюць запазычанасць па вырабленай у 2015-2019 гадах з рэспубліканскага бюджэту выплаце асноўнай сумы доўгу, адсоткаў, камісій і іншых плацяжоў па крэдытах (дадатак 1), а таксама адсоткаў, налічаных Міністэрствам фінансаў да 2019 года, у рэспубліканскі бюджэт.
Ва ўказе называюцца і канкрэтныя сумы крэдытаў, выдзеленых гэтым стратным цэментным заводам у 2015-2019 гадах:
820,7 мільёна долараў;
200 мільёнаў юаняў;
89,8 мільёна рублёў;
9,8 мільёна еўра;
21,126 мільёна расійскіх рублёў.
Агулам сума складае амаль 900 мільёнаў даляраў, і гэта толькі на тры прадпрыемствы за 5 гадоў. З іх $549 883 769.74 прыпадае на кітайскія крэдыты.
Цэментная галіна ў Беларусі, нягледзячы на укладзеныя ў мадэрнізацыю сродкі, ужо даўно генеруе страты. Для прыкладу, "Крычаўцэментнашыфер" нясе страты шосты год запар. За 2018 год страты выраслі у 2,5 разы, да 157 мільёнаў рублёў. А ў Беларускага цэментнага завода за 2018 год чыстая страта склала 86 мільёнаў рублёў. Завод нясе чыстыя страты з 2015 года, і да пачатку 2019 года непакрытая страта цэментнікаў дасягнула 182,5 мільёна рублёў.