Лідары апазіцыі не сталі спрачацца наконт эканамічных санкцыяў (фота)

Сёлета яна праходзіць пад лозунгам ”Across the Borders” ("Па-над межамі").



У першы дзень мерапрыемства найбольшая ўвага была нададзеная Беларусі. Прайшла сустрэча, на якой абмяркоўваліся магчымыя трансфармацыйныя працэсы ў Беларусі, фарміраванне беларускай нацыі ды ідэалогія заходнерусізму ў Беларусі. Удзел у размове сярод іншых узялі старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч.



Таксама адбыўся круглы стол ”Беларусь сёння: стабільнасць супраць дэстабілізацыі”. Слова ўзялі Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Саннікаў, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч і сацыёлаг Андрэй Вардамацкі.



Падчас круглага стала чакалі, што паміж яго ўдзельнікамі разгорнецца вострая дыскусія. Тым больш, што абодва былыя кандыдаты ў прэзідэнты маюць супрацьлеглую пазіцыі наконт санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Дарэчы, і Станіслаў Шушкевіч у каментары для Еўрарадыё перад мерапрыемствам выказаў меркаванне, што будзе абмяркоўвацца дапамога беларускім уладам з боку Еўрасаюза і Расіі.



Шушкевіч: ”Стабілізацыя і дэстабілізацыя ў Беларусі — гэта даволі-такі цікавае пытанне, таму што наш агідны палітычны рэжым увесь час прымае меры, каб стабілізаваць сітуацыю пад сябе. Ну, а чалавечы розум і жыццё адкідвае такія падыходы. Увесь час ідзе такое змаганне. І калі наш рэжым траціць здольнасць стабілізаваць сітуацыю, яму звычайна дапамагае Расія. І самае дзіўнае, што час ад часу яму таксама дапамагае тая самая Еўропа, якая з гэтым палітычным рэжымам не згодная”.



Аднак паўнавартаснай дыскусіі так і не атрымалася. Удзельнікі сустрэчы адказвалі на пытанні польскага мадэратара і практычна не ўступалі ў дыскусію паміж сабой.



У каментары Еўрарадыё Аляксандр Мілінкевіч адзначыў важнасць канферэнцыі, бо яна нагадвае аб праблемах у Беларусі. У той жа час палітык не стаў хаваць і факт напружанасці паміж апазіцыянерамі, якія селі за адзін стол.



Мілінкевіч: “У нас ёсць абсалютна розныя погляды на некаторыя рэчы. Вось гэтая тэма абсалютна не гучала: санкцыі, не санкцыі... Хаця я лічу, што дыскусія ў беларускім інтэрнэце наконт санкцый з’яўляецца штучнай. Таму што я не ведаю палітыкаў у Еўропе ці Злучаных Штатах Амерыкі, якія б казалі, што шырокія эканамічныя санкцыі — гэта спосаб дэмакратызаваць Беларусь. А паміж намі ёсць напружанасць. Калі апазіцыя так доўга працуе, то ёсць гісторыя ўзаемных крыўдаў, падазрэнняў, хто больш значны агент. Я ў гэтым не ўдзельнічаю”.



Канферэнцыя завершыць сваю працу 18 ліпеня. На мерапрыемстве яшчэ выступяць былы міністр замежных спраў Украіны Барыс Тарасюк, расійскі палітык Барыс Нямцоў ды іншыя.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі