Лідары беларускай апазіцыі: “Я бы хацеў цяпер быць на Майдане, але…”

Еўрарадыё высвятляе прычыны, па якіх беларускія дэмакраты не мерзнуць на Майдане разам са сваімі ўкраінскімі калегамі.


Лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі 3 снежня ў Беларусі няма. Але калі нехта думае, што ў момант тэлефанавання Еўрарадыё беларускі палітык стаіць насупраць украінскага “Беркута” на кіеўскім Майдане, то памыляецца. Анатоль Лябедзька ў Бруселі — чакае пачатку прэзентацыі сваёй кнігі ў Еўрапарламенце. Чаму Брусель, а не Кіеў?



Анатоль Лябедзька: “Шкала прыярытэтаў усё ж такі... Я быў на “Памаранчавым майдане” ў Кіеве ў 2004 годзе, быў на Балотнай у Расіі — у мяне ёсць такі досвед, я вельмі яскрава адчуваю, што там адбываецца. Але разам з тым, калі мы звядзём да таго, што паехаць туды, каб паўдзельнічаць у гэтых мерапрыемствах, і гэта нейкі плюсік у тваёй аўтабіяграфіі, то гэта не зусім правільна будзе. Хаця я і не выключаю — калі б не мая паездка ў Брусель, што я б не скарыстаў нейкі дзень туды-назад. Але…”



Еўрарадыё: “І сапраўды – “але”… Былі на “Памаранчавым майдане”, у Маскве - бачылі, ведаеце, адчуваеце, як трэба рабіць, але прымяніць гэта не атрымліваецца. Сапраўды, чаго туды ехаць у чарговы раз?! ”



Анатоль Лябедзька: “Ну, што значыцца, “не атрымліваецца”? Былі і ў нас па беларускіх мерках дастаткова вялікія акцыі, падчас кожнай прэзідэнцкай кампаніі дастаткова вялікая колькасць людзей выходзіць, былі знакамітыя “Маршы свабоды”, да арганізацыі і правядзення якіх я меў непасрэднае дачыненне. Гэта ёсць у нашай крэдытнай гісторыі".



Карацей, на Майдан Лябедзька не збіраецца. Нічога новага там не ўбачыць і не даведаецца, а бліжэйшымі днямі кнігу трэба будзе прэзентаваць у Антверпене і ў Мінску.



Хоча быць цяпер на Майдане сустаршыня БХД Павал Севярынец. Але… Хапае спраў на радзіме. І “партыйных”, і асабістых”.



Павел Севярынец: “Я душой з тымі, хто там, і вельмі хацеў бы вырвацца і літаральна цяпер туды паехаць, але… гэта азначала б кінуць беларускія справы. Цяпер мы дапамагаем тым, хто едзе на Майдан, сёння была сустрэча па сумесным пасланні апазіцыі на мясцовай кампаніі. А менавіта ў гэтую хвіліну я еду дамаўляецца наконт памяшкання для вяселля, якое у мяне неўзабаве…”



Што тычыцца “набрацца ўкраінскага вопыту арганізацыі вулічных акцый”, то, запэўнівае Севярынец, ён яго набраўся дастаткова падчас мінулых Майданаў. Вось толькі чарговае “але”…



Павел Севярынец: “Гэтаму (беларускаму Майдану — Еўрарадыё) проста не дадуць разгарнуцца — будуць біць па галаве адразу! І можна пападстаўляць галовы, ці некалькі дзесяткаў галоў ахвярным людзям, можна атрымаць гады турмы беларускай і гніць далей, робячы высновы з гэтых памылак, але… Але ці ёсць у нас такія магчымасці цяпер? Мы спрабуем рабіць, што можам…”



…і таму рыхтуюцца да кампаніі мясцовых выбараў і выбараў-2015.



“Сэрцы нашы і думкі на Майдане”, — упэўнівае ад свайго імя і ад імя лідара “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева Еўрарадыё Андрэй Дзмітрыеў. І адразу дадае “але”:



“…Але палітык павінен рабіць так, каб гэтак жа было тут, у нас. Вось тады мы будзем стаяць, махаць сцягамі на Майдане. А салідарнасць можна выказаць і інакш, чым проста паехаць і выступіць там з імправізаванай сцэны”.



Еўрарадыё: “Можа, на Майдан трэба ехаць не для таго, каб выступіць з трыбуны і памахаць сцягамі, а каб сустрэцца з арганізатарамі і даведацца: як гэта робіцца, якім чынам — каб гэты вопыт перанесці да нас?”



Андрэй Дзмітрыеў: “Вельмі добрая заўвага, але мне падаецца, што цяпер арганізатарам не да размоў пра вопыт. Пры гэта мы будзем з імі размаўляць, калі яны паспяхова ўсё гэта скончаць. Тады можна будзе сесці, аналізаваць і пераймаць досвед”.



Затое яшчэ сёння Майдан будзе мець за гонар пабачыць лідара Партыі БНФ Аляксея Янукевіча — ён вылятае ў Кіеў а 18 гадзіне. Каб выказаць салідарнасць. А вось што тычыцца вывучэння вопыту і магчымасці перанесці Майдан на беларускія плошчы, то і тут мы чуем ужо звыклае “але”…



Аляксей Янукевіч: “Майдан і ў 2004 годзе, і цяпер у 2013, нягледзячы на вельмі важнае значэнне лідараў, арганізоўвалі не лідары. Гэта арганізавалася само грамадства. Ужо нейкія тэхнічныя рэчы, як падвоз гарачай гарбаты і гэтак далей, так, гэта можна браць на сябе. А пытанне, каб людзі выйшлі, залежыць у значна большай ступені ад саміх людзей”.



Хаця, ужо толькі для таго, каб наша апазіцыя навучылася хаця б забяспечваць гарачай гарбатай удзельнікаў вулічных акцый, лідарам не перашкодзіла б наведаць Майдан.

Фота: Змітра Лукашука, www.svoboda.org, www.svabodaby.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі