Лівянт: Кодэкс аб адукацыі не прыйшоў у парламент з-за незадаволенасці людзей

Фота: Еўрарадыё
Фота: Еўрарадыё

23 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў павінны былі атрымаць праект кодэкса аб адукацыі. На 29 лістапада былі прызначаныя слуханні па новых дакументах. Але ні кодэкса, ні слуханняў дэпутаты не ўбачылі. Усё адмянілі.

На думку рэпетытара Яўгена Лівянта, у міністэрстве адукацыі, верагодна, ўсвядомілі, што нельга кіраваць адукацыяй як раней “кавалерыйскімі наскокамі”. Сваю ролю адыграла і хваля незадаволенасці настаўнікаў, бацькоў, грамадскасці.

Яўген Лівянт: "Я думаю, што ролю адыграла тое, што людзі не сталі маўчаць. Раней, пачуўшы пра чарговыя вар'яцкія планы зменаў у сістэме адукацыі, усе маўчалі і чакалі, спадзеючыся, што пранясе, што кіраўнікі сістэмы адукацыі адумаюцца. А потым было ўжо позна. А цяпер упершыню людзі не сталі чакаць развіцця падзей і загаварылі пра тое, што змены, якія нам прапануюць, прывядуць да яшчэ большага крызісу ў школе. Гэта адбылося ўпершыню. Вядома, мы не ведаем усіх паддыванных гульняў, і не ведаем дакладна, што паўплывала".

Больш за ўсё, на думку рэпетытара, выклікае неспакой нявызначанасць з экзаменамі ў гімназію: пакуль няма змяненняў у кодэксе, незразумела, адменяць іх ці не. А гэта значыць, што бацькам і дзецям пакуль незразумела, ці трэба рыхтавацца да гэтых іспытаў.

Раней міністэрства адукацыі анансавала змены: экзамены ў гімназію пасля 4 класа збіраліся адмяніць, а адукацыйныя праграмы гімназій замяніць на звычайныя школьныя. Гэта і выклікала хвалю абурэння сярод настаўнікаў і бацькоў вучняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі