Lost Regrets знялі кліп пра музыкаў, якія здымаюць кліп (відэа)
Здымкі відэа на загалоўную песню з новага альбома гурта адбываліся на Баравой, а яго сцэнарый змяніў моцны мароз.
Мінскі melodic death metal гурт Lost Regrets прадставіў у сеціве кліп на загалоўную песню новага альбома "My Obsession". Здымалася відэа на тэрыторыі Музея авіяцыйнай тэхнікі на Баравой пад Мінскам у 15 градусныя маразы, што, дарэчы, паўплывала на яго выніковы варыянт.
“Планаваўся яшчэ больш наварочаны сюжэт, былі нават зробленыя здымкі на вуліцы, — распавядае вакаліст гурта Аляксандр Глякаў. — Але пасля прагляду першага здымачнага дня стала зразумела, што ні адзін дубль не атрымаўся. А прымусіць музыкаў зноў паехаць здымацца на марозе было немагчыма. Плюс, мы хацелі дадаць 3D-графікі, але не паспелі знайсці чалавека, таму вымушаныя былі адмовіцца і ад гэтай ідэі”.
Па сюжэце нейкі гурт Lost Regrets здымае свой першы кліп. Рэжысёрам, аператарам ды сцэнарыстам відэа выступіў Сяргей Барсук, які і спяшаўся скончыць працу хутчэй, бо з’язджаў за мяжу. Сюжэтную ролю рэжысёра выканаў лідар гурта “ВсёCrazy” Антон “Сір” Сіроцін. Музыкі Lost Regrets, што не дзіўна, у кліпе гралі саміх сябе.
Дарэчы, напрыканцы тыдня ў Мінск прыедзе дыскавы наклад альбома “Obsession”, яго канцэртная прэзентацыя запланаваная на 9 сакавіка ў клубе “Піраты”.
Цяпер музыкі працуюць над новым матэрыялам, які стылістычна будзе адрознівацца ад папярэдніх рэлізаў гурта.