Лукашэнка анансаваў, што школьныя вакацыі "у каранапсіхозе" могуць працягнуць
Аляксандр Лукашэнка анансаваў, што школьныя вакацыі ў Беларусі могуць працягнуць на тыдзень. У пятніцу ён быў з рабочым візітам у Смалявіцкім раёне, наведваў мясцовыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, але выказваўся на самыя розныя тэмы.
"Заўтра-паслязаўтра мною будзе прынятае рашэнне, — гаварыў Лукашэнка. — Найхутчэй, мы працягнем на тыдзень".
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у суботу ён чакае даклад міністра адукацыі. Выслухае і меркаванне міністра аховы здароўя. На сённяшні дзень многія бацькі не гатовы адпускаць дзяцей у школу, сказаў ён.
"Патрабаванні працягнуць вакацыі з боку бацькоў, медыцыны — гэта няправільна", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. Ён паабяцаў, што, тым не менш, меркаванне бацькоў будзе ўлічана. "Гэта іх дзеці, — заявіў Лукашэнка. — Як яны прымуць рашэнне ў гэтым каранапсіхозе, так і будзе".
Вясновыя канікулы ў беларускіх школьнікаў пачаліся 30 сакавіка і мусілі скласці 6 дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.