Лукашэнка: Беларусь не ўступіць у эканамічны саюз у шкоду сабе (відэа)
Кіраўнік дзяржавы падчас наведвання сумеснага беларуска-кітайскага прадпрыемства "БелДжы" зрабіў шэраг заяваў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што да канца траўня мусіць быць падпісаная дамова аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Беларусь нямала зрабіла для яго стварэння і зацікаўленая ў ім, але застаюцца праблемныя пытанні, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Сёння мы, яшчэ раз падкрэсліваю, вядзём дыялог, перш за ўсё, з Расіяй, як устаканіць гэтыя пытанні, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Яны ў бліжэйшы час будуць вырашаны, таму што ў канцы траўня мы павінны падпісаць дамову аб стварэнні эканамічнага саюза, таму ўсе пытанні павінны быць знятыя. У адваротным выпадку мы не можам пайсці ў шкоду сабе на няроўных умовах у гэты эканамічны саюз".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў добрую працу "БелДжы". Паводле яго слоў, на расійскім рынку продаж легкавікоў Geely вырас на 50%. "Гэта, вядома, насцярожвае і расіян. Напэўна, думаюць пра тое, што кітайцы заб'юць расійскі аўтапрам з тэрыторыі Беларусі", — сказаў Лукашэнка.
Фота — ria.ru