Лукашэнка дазволіў ужываць супраць дронаў спецсродкі і зброю
5 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №215 "Аб спыненні палётаў авіямадэлей і беспілотных лятальных апаратаў". Як піша TUT.by, дакумент дазваляе ўжываць сілу, спецсродкі і зброю супраць беспілотных лятальных апаратаў, якія лятаюць у забароненых зонах.
Вайскоўцам, міліцыянтам і работнікам ваенізаванай аховы дазваляецца ўжываць супраць дронаў і авіямадэлей фізічную сілу, спецсродкі, зброю, а таксама баявую і спецыяльную тэхніку. Гэтыя асобы будуць вызваленыя ад абавязку кампенсаваць уласнікам шкоду за пашкоджанне або знішчэнне лятальных апаратаў.
Забароненыя зоны — гэта паветраная прастора над тэрыторыямі (аб'ектамі), якія маюць важнае значэнне для бяспекі дзяржавы (месца знаходжання ахоўных асоб, арсеналы (базы) з боепрыпасамі і ўзбраеннем, прадпрыемствы нафтаперапрацоўчай, нафтахімічнай і хімічнай прамысловасці, Беларуская АЭС ды іншыя). Для палёту любых паветраных судоў у такіх зонах патрабуецца спецыяльны дазвол.
Зона, забароненая для выкарыстання авіямадэлей, — гэта паветраная прастора, дзе выкарыстанне авіямадэлей патрабуе ўзгаднення з дзяржаўным органам (арганізацыяй), у інтарэсах якога яна ўсталяваная. Гэта можа быць, напрыклад, паветраная прастора над грамадзянскімі і вайсковымі аэрадромамі, раёнамі дыслакацыі вайсковых часцей і падраздзяленняў, уздоўж дзяржаўнай мяжы ды інш.