Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца, каб абмеркаваць імпартазамяшчэнне і санкцыі
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка
Увечары 5 лютага Лукашэнка і Пуцін паразмаўлялі па тэлефоне. "Асноўнае, пра што дамовіліся: вызначыць дату сустрэчы найбліжэйшым часам", — паведамляе па выніках размовы прэс-служба Лукашэнкі. Дзіўна, праўда: не вызначылі дату, а дамовіліся вызначыць, і гэта асноўнае, аб чым дамовіліся!
Па тэлефоне саюзнікі па ўварванні ва Украіну абмеркавалі "агульны парадак дня ўзаемадзеяння ў эканоміцы, палітыцы, пытанні бяспекі". На сустрэчы, дата якой не вызначана, яны плануюць размаўляць пра тое, як ва ўрадаў Беларусі і Расіі ідуць справы з імпартазамяшчэннем і супрацьдзеяннем заходнім санкцыям.
Пры гэтым абодва палітыкі час ад часу заяўляюць, што Беларусь і Расія санкцый увогуле не адчуваюць.
Таксама Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі падрыхтоўку да паседжання "Вышэйшай дзяржрады", якое плануецца правесці ў красавіку-маі 2023 года. А на люты запланаване паседжанне Рады міністраў Саюзнай дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.