Лукашэнка: Мы не можам адмяніць парад... Людзі скажуць, што мы спужаліся

Парад у Мінску / Еўрарадыё​
Парад у Мінску / Еўрарадыё​

Парад у гонар 75-годдзя Перамогі ў Мінску, хутчэй за ўсё, адбудзецца. Гэта даў зразумець Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 3 мая на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне.

"Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён выказаў здагадку, што ўдзельнікі вайны маглі паміраць і ад вірусаў, і ад іншых хвароб, але яны "гэта не адчувалі часам і пра гэта не думалі". Цяпер яго турбуе, "што скажуць людзі", калі парад адменяць, піша БелТА.

"Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, — скажуць, што спужаліся", — лічыць Лукашэнка.

Па настроях у грамадстве можна заўважыць, што беларусы сапраўды баяцца. Праўда, не таго, што парада не будзе, а наадварот — што ён пройдзе і на яго "загоняць" тысячы гледачоў у пік эпідэміялагічнай сітуацыі.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў арганізатараў, што калі парад будзе, "нікога цягнуць на гэтае мерапрыемства не трэба". Калі хтосьці баіцца і беражэ сваё здароўе, гэта можна зразумець. Тым не менш, ён падкрэсліў, што людзей, якія хочуць каб парад быў, вельмі шмат.

"Тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло", — сказаў ён.

Паводле яго слоў, сярод жадаючых прыняць удзел у парадзе ёсць і ветэраны Узброеных Сіл.

"Удзельнікаў вайны засталося зусім няшмат, — сказаў Лукашэнка. — Яны разумеюць, і мы павінны іх зберагчы".

Ён распавёў, што тыя "першымі запатрабавалі", каб іх прывезлі на парад. Лукашэнка кажа, што прытрымліваецца тактыкі — "старых трэба паберагчы", але паабяцаў падумаць, як з імі быць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі