Лукашэнка наведае вучэнні "Захад-2017" 20 верасня
20 верасня Аляксандр Лукашэнка як Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі прыме ўдзел у сумесным стратэгічным вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017". Пра гэта паведамляе яго прэс-служба.
Плануецца, што кіраўнік Беларусі будзе назіраць за вучэннямі на 227-м агульнавайсковым палігоне (Барысаўскім). Разам з Лукашэнкам на палігоне чакаецца прысутнасць прадстаўнікоў вышэйшага камандавання Узброеных Сіл Расіі, кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы, СНД, АДКБ, а таксама замежных назіральнікаў і дыпламатаў.
З назіральнай пляцоўкі беларускі кіраўнік ацэніць узровень узаемадзеяння войскаў пры вядзенні абарончага бою.
Як паведамлялася раней, Уладзімір Пуцін наведаў вучэнні "Захад-2017" ужо 18 верасня. Ён адправіўся на палігон "Лужскі" ў Ленінградскай вобласці Расіі. Сустракацца на вучэннях кіраўнікі Беларусі і Расіі не намераныя.