Лукашэнка назваў галоўнага злачынцу ў Беларусі
Аляксандр Лукашэнка назваў галоўнага злачынцу ў Беларусі. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта той, хто пастаўляе ў нашу краіну буйныя партыі наркотыкаў.
27 лютага кіраўнік дзяржавы праводзіць пасяджэнне Савета бяспекі, на якім прысутнічае кіраўніцтва ўсіх сілавых структур. У сваёй прамове ён абурыўся, што змаганне ідзе супраць наркаманаў, а не тых, хто “сёння партыямі пастаўляе гэтую наркату ў Беларусь”.
“Клапоцімся толькі пра паказчыкі, ніякай гаворкі аб эфектыўнай ліквідацыі каналаў паступлення наркотыкаў у краіну ісці не можа, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Вядома, нашмат лягчэй атрымаць хуткі вынік за кошт “драбніцы”, а сітуацыя насамрэч будзе толькі пагаршацца”.
На мінулым пасяджэнні Саўбеза Лукашэнка таксама гаварыў пра тое, што барацьба міліцыі зводзіцца да “драбніцы”, а буйныя пастаўшчыкі наркотыкаў застаюцца на волі. На сённяшнім пасяджэнні ён выказаў сумненні: ці не выключна на статыстыку працуюць адпаведныя падраздзяленні МУС?