Лукашэнка падпісаў указ пра скарачэнне праверак, які развязвае рукі бізнесу

Лукашэнка падпісаў указ пра скарачэнне праверак, які развязвае рукі бізнесу

16 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №376 "Аб мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці”. Прадпрымальнікі даўно чакалі гэты дакумент: ён мусіць радыкальна скараціць умяшанне кантралёраў у іх гаспадарчую дзейнасць.

Прэс-служба Лукашэнкі паведамляе, што ў дакуменце закладзены сыход ад сістэмы планавых праверак. Замест іх прапануецца ажыццяўляць выбарачныя праверкі, прычым толькі пры наяўнасці грунтоўных падставаў. Напрыклад, неаднаразовыя парушэнні ці вынікі аналізу чэк-ліста.

Падставы для прызначэння пазапланавых праверак скарачаюцца. Пры гэтым падчас іх мусяць вывучацца толькі тыя факты і абставіны, якія сталі прычынай для прызначэння праверкі.

Выключаецца магчымасць даваць даручэнні на правядзенне праверкі па матэрылах, якiя знаходзяцца ў вытворчасцi праваахоўных ворганаў. Праверкі будуць праводзіцца толькі па заведзенай крымінальнай справе.

Таксама кантралёры не змогуць па выніках праверкі прыпыніць працу прадпрыемства, яго цэхаў ці абсталявання. Прыпыняць сваю дзейнасць ці не — будзе вырашаць выключна сам прадпрымальнік. Але пры гэтым кіраўнік прадпрыемства будзе несці адказнасць за своечасовую ліквідацыю знойдзеных парушэнняў.

Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць кантралёраў за грубыя парушэнні пры правядзенні праверак. Максімальны штраф для правяраючага, які сам дапусціць парушэнні, будзе складаць 30 базавых велічыняў.

Пры Камітэце дзяржаўнага кантролю будзе створаны Міжведамасны савет па кантрольнай (нагляднай) дзейнасці. Пры выяўленні негатыўных тэндэнцый у працы кантралюючых органаў гэты савет будзе ўпаўнаважаны выносіць рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў.

Будзе таксама аптымізаваны пералік кантралюючых (наглядных) органаў і сфер іх дзейнасці. У выніку гэтага траціна кантралёраў страціць паўнамоцтвы на правядзенне праверак, а колькасць сфераў кантрольнай (нагляднай) дзейнасці скароціцца амаль удвая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі