Лукашэнка: Пагоня за задавальненнямі — рэальная пагроза для грамадства
Кіраўнік дзяржавы ў аўторак сустрэўся з удзельнікамі IV Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форума, які праходзіць у Мінску.
Сярод іншага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "культ спажывальніцтва і пагоня за задавальненнямі становяцца рэальнымі пагрозамі духоўнага выраджэння людзей і недасканалай трансфармацыі дзяржаваў". Ён звярнуў увагу на тое, што ў многіх краінах Захаду адбываецца "маральная дэградацыя грамадства", там адмаўляюцца ад хрысціянскіх каштоўнасцяў, разбураецца сям'я.
"І ў нашай краіне, як і ўсюды ў свеце, праявы сусветнага эканамічнага крызісу спалучаныя з гуманітарнымі праблемамі. На жаль, маральныя дэфармацыі, якія прагрэсуюць вялізнымі тэмпамі, не змаглі не закрануць і нашых людзей", — цытуе словы Лукашэнкі "Интерфакс-Запад".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што перад беларускім грамадствам стаяць такія ж сур'ёзныя задачы, як і перад любой еўрапейскай краінай. Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна ўмацоўваць маральнасць беларусаў, змагацца супраць распаўсюду наркаманіі і п'янства.
Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь застанецца прыхільнай міжрэлігійнаму міру і нацыянальнаму спакою.
Фота — ria.ru, БЕЛТА