Лукашэнка — пра затрыманне Аўтуховіча: "Яны везлі тонамі зброю праз Украіну"

Лукашэнка — пра затрыманне Аўтуховіча: "Яны везлі тонамі зброю праз Украіну"

Падчас візіту ў Мінскую гарадскую дзіцячую інфекцыйную клініку Аляксандр Лукашэнка чамусьці загаварыў пра затрыманне Мікалая Аўтуховіча, якога падазраюць па крымінальнай справе аб тэрарызме.

Як распавядала Еўрарадыё, 57-гадовага Аўтуховіча на дзяржаўных тэлеканалах назвалі кіраўніком тэрарыстычнай групы. Яго падазраюць у шэрагу акцый у Гродзенскай вобласці — падпале дома і аўтамабіля міліцыянта ў Ваўкавыску, падрыве прыпаркаванай машыны сілавіка ў Гродне.

"Нядаўна мы затрымалі групу Аўтуховіча. Мярзотнікі апошнія. Зараз мы іх усе каналы выявілі. Яны везлі тонамі зброю праз Украіну. І калі б хлопцы нашы (я ўсіх загадаў да дзяржаўных узнагарод неадкладна прадставіць) іх не накрылі, вох нам бы Новы год быў... Я яго, шчыра кажучы, недаацэньваў", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі

​Беларускі кіраўнік заявіў, быццам Аўтуховіч са сваёй групай "рыхтавалі тэракты па ўсёй краіне і ўжо пачалі ажыццяўляць. На тым і пагарэлі"

​Таксама Лукашэнка заявіў, што ў краіне ёсць яшчэ некалькі такіх груповак, але ў іх нібыта дзейнічаюць агенты спецслужбаў. "Ёсць некалькі груповачак яшчэ. Свае два-тры (чалавекі ў гэтых групоўках. — БЕЛТА) ёсць, адтуль (з-за мяжы. — БЕЛТА) дасылаюць нам. Праз Украіну. Праз Літву, Польшчу, цяпер вельмі складана — мяжу зачынілі наглуха. І з Украінай цяпер закрылі ўжо, мыш не прапаўзе. Праз Расію часам пранікаюць, у нас мяжы няма. Але ўжо не тое. Мы гэтае пытанне трымаем жорстка на кантролі", — паведаміў Лукашэнка.

Куды з лясоў падзеліся 170 расійскіх баевікоў, пра якіх дзяржСМІ расказвалі напярэдадні выбараў, Лукашэнка расказаць забыўся.

Па справе Аўтуховіча, як паведамлялася, затрымалі восем чалавек, у тым ліку пенсіянерку з-пад Гродна і праваслаўнага святара з Брэстчыны.

Дарэчы, у 2009 годзе Аўтуховіча абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гродзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі. Праўда, асудзілі яго ў 2010-м толькі за захоўванне боепрыпасаў: за 5 патронаў для паляўнічай стрэльбы Аўтуховічу прысудзілі 5 гадоў і 2 месяцы турмы. Тады праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі