Лукашэнка: прапаноў па пастаўках нафты, дзякуй богу, нямала
У суботу Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з віцэ-прэм'ерам Юрыем Назаравым і старшынём канцэрна "Белнафтахім" Андрэем Рыбаковым, прысвечаную пастаўкам нафты ў Беларусь. Тэма важная, нарады па ёй праходзяць рэгулярна. З канца 2019 года наша краіна наладжвае альтэрнатыўныя пастаўкі "чорнага золата".
"Я атрымаў шэраг прапаноў па пастаўкам нафты і [яе] перапрацоўцы ў Беларусі, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы тэлеграм-канал Пул Першага. — Цяпер такіх прапаноў, дзякуй богу, нямала".
Па словах Лукашэнкі, аб'ёмы нафты, якую прапануецца паставіць, вялікія — больш за 6 мільёнаў тон. Прыблізна столькі яе патрэбна для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў на квартал.
"Калі нам гэта выгадна — значыць, будзем купляць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. З Назаравым і Рыбаковым ён вырашыў "узгадніць некаторыя пытанні", параіцца, "ці варта купляць гэтую нафту, як зрабіць лепш, што больш эканамічна выгадна". Ён мяркуе, што рашэнне сёння будзе прынятае. Тым больш, што "ўжо з панядзелка-аўторка [трэба] забіраць гэтую нафту", паведамляе sb.by.
Хто прадае Беларусі нафту, не паведамляецца. На працягу студзеня-сакавіка 2020-га наша краіна пастаўляе расійскую, нарвежскую і азербайджанскую нафту. Узнік праект будаўніцтва "няшчаснай трубы з Балтыкі", каб не вазіць нафту з партоў па чыгунцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.