Лукашэнка на нарадзе па нафце згадаў краіны, якія "маюць ад Госпада... шчасце"

Лукашэнка на нарадзе па нафце згадаў краіны, якія "маюць ад Госпада... шчасце"

3 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правёў чарговую нараду, прысвечаную пастаўкам нафты ў Беларусь. Перад ёй стала вядома, што віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка, які адказваў за нафтахімічны комплекс, адпраўлены ў адстаўку. Яго замяніў Юрый Назараў, былы старшыня канцэрна "Беллеспаперпрам".

"Асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вентыля на нафтавай трубе выгадныя ім пытанні вырашаюцца значна лягчэй, цытуе словы Лукашэнкі на нарадзе тэлеграм-канал Пул Першага. — Не думайце, што я намякаю тут толькі на Расію. Гэта стала нормай для дзяржаў планеты, якія маюць ад Госпада такое шчасце".

Беларускі кіраўнік прызнаў, што, нягледзячы на ўзаемныя абавязацельствы, такую практыку пачалі выкарыстоўваць у дачыненні нашай краіны (але хто, акрамя расіян, не ўдакладніў). "Умовы пастаўкі нафты ва ўльтыматыўнай форме ўвязваюцца з іншымі праблемамі, якія жадае вырашыць краіна-пастаўшчык", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Верагодна, гаворка ідзе пра Казахстан, які напярэдадні назваў умовы паставак нафты ў Беларусь — наша краіна мусіць плаціць экспартную пошліну.

Па словах кіраўніка Беларусі, наша краіна штомесяц атрымлівае на 1 млн тон нафты менш, чым было запланавана. Ён прызнае, што беларускае кіраўніцтва само вінаватае, бо раней не займалася дыверсіфікацыяй паставак. А гэтыя праблемы з нафтай уплываюць на валавы ўнутраны прадукт і даходы бюджэту, падкрэсліў Лукашэнка. Ён паставіў задачу ўраду сфармаваць план, "як знізіць значнасць умоў паставак нафты для фармавання ВУП", паведамляе БЕЛТА.

Але ў нафтавым крызісе Аляксандр Лукашэнка бачыць і станоўчыя моманты — пачаўся пошук доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны. Паводле яго слоў, "у цяперашняй няпростай сітуацыі" першачарговая задача — пошук і дамовы з пастаўшчыкамі.

"Нафта сёння імгненна таннее, — гаварыў беларускі кіраўнік. — ...Гэта гуляе нам на карысць і падштурхоўвае нас да таго, каб мы маглі дамовіцца з пастаўшчыкамі". А яны мусяць быць не толькі ў Расіі, але і ў іншых краінах. Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь працягне купляць расійскую нафту, у тым ліку і з-за зручнай лагістыкі. Толькі "пастаянна поўзаць на каленях 31 снежня" ён больш не хоча.

"Калі знікне манапалізм, лягчэй будзе дамаўляцца і па цэнах", — падвёў вынік кіраўнік дзяржавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі