У Лукашэнкі не прызнаюць, што ён прасіў прабачэння ў Зяленскага
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін
У Аляксандра Лукашэнкі не прызнаюць, што ён прасіў прабачэння ва ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. "Прасіць прабачэння нам няма за што", — заявіла РБК яго прэс-сакратарка Наталля Эйсмант.
Пра тое, што ў першыя дні поўнамаштабнай расійскай агрэсіі (у канцы лютага 2022-га) Лукашэнка прасіў прабачэння за ракеты, выпушчаныя з тэрыторыі Беларусі, Зяленскі расказаў у інтэрв'ю амерыканскаму журналісту Лексу Фрыдману. Гэта было падчас тэлефоннай размовы.
"Ён казаў, што "гэта не я, з маёй тэрыторыі пускаў ракеты Пуцін", — успамінае прэзідэнт Украіны. — Гэта яго словы, у мяне ёсць сведкі. Ён прасіў прабачэння, ён казаў: "Павер, Валодзя, гэта не я, я яму казаў, не трэба, гэта было без мяне".
Але Эйсмант настойвае, што ніякіх прабачэнняў Лукашэнка Зяленскаму не прыносіў, нягледзячы на тое, што апошні згадаў пра сведак той размовы. Але факт размовы не адмаўляецца (пра яе раней згадваў і сам Аляксандр Лукашэнка). Адбылася ж яна "выключна дзякуючы эмацыйнай рэакцыі" Мікалая Лукашэнкі, "у якога ў тэлефоне быў асабісты кантакт Зяленскага".
А вось словы Уладзіміра Зяленскага пра прапанову Лукашэнкі нанесці ўдар па Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, Наталля Эйсмант не пракаментавала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.