Яблыкі, птушаня Коля і туалетная папера: як Кеасаян абражаў Беларусь

кеосаян о беларуси

Тыгран Кеасаян / @rubanau_collage

"Аляксандр Лукашэнка — унікальны чалавек. Адзіны чалавек на зямлі, які сілай слова здольны сапсаваць малако", — так у 2016 годзе расійскі тэлевядоўца Тыгран Кеасаян пачаў "жартаўлівы" блок, прысвечаны беларускаму палітыку ў перадачы "Міжнародная піларама".

8 студзеня жонка Кеасаяна, галоўны рэдактар Russia Today і МІА "Россия сегодня" (РИА Новости і "Спутнік. Беларусь") Маргарыта Сіманьян паведаміла, што ён знаходзіцца ў коме пасля клінічнай смерці.

Еўрарадыё ўзгадала вядомыя выказванні расійскага прапагандыста пра Беларусь і яе "адміністратара".

"Хлопцы, трэба трошачкі спакайней"

У верасні 2020 года ў перадачы "Міжнародная піларама" Тыгран Кеасаян паказаў скетч пра пратэсты ў Беларусі. У ім актрыса, якая ўдавала з сябе пратэстную беларуску, выкрыквала "Жыве Беларусь", спявала песню "Перамен" і адказвала на пытанні вядоўцы пра палітыку і мітынгі.

Чаго вам не хапае?

Грошай.

А кім вы працуеце?

А я не працую.

Дык што вас не задавальняе?

Шчыра? Цыцкі замаленькія.

кеосаян о протестах в беларуси
Пратэсты ў Беларусі / Lina Bob / Unsplash

Пасля гэтага выпуску актрыса Кацярына Шмакава сутыкнулася з крытыкай у сацыяльных сетках. Ёй давялося запісваць зварот з выбачэннямі перад беларусамі.

Але сам Кеасанян пракаментаваў гэты сюжэт з заклікам спакайней рэагаваць на палітычныя жарты.


Пра Лукашэнку і беларусаў-гастарбайтэраў

Абражаў Кеасаян не толькі беларусаў, неаднаразова даставалася ад яго Аляксандру Лукашэнку. Пасля такога выпуску ў 2016 годзе перадачу забаранілі паказваць у Беларусі.

Тады вядоўца "жартаваў" на тэму рээкспарту санкцыйных тавараў з Беларусі ў Расію, праз які расіяне "ядуць яблыкаў у пяць разоў больш, чым іх вырабляюць у Беларусі".

Вы мяне прабачце, суграмадзяне, але ці не да халеры ці мы з вамі жарэм яблыкаў? З іншага боку, куды Беларусі падзецца, акрамя як заваліць нас яблыкамі? У іх жа ўсяго дзве паспяховыя бізнес-мадэлі: бульба і пасада прэзідэнта. Зрэшты, нядаўна з'явілася і трэцяя: брытанскія навукоўцы паведамляюць, што сёлета самым прыбытковым бізнесам стаў выраб налепак "Зроблена ў Беларусі".

Там сама ён паспрабаваў пажартаваць пра "беларускіх гастарбайтэраў, якія бягуць ад галечы і беспрацоўя на радзіме".

 

"Беларусь так разжалілася"

У 2017 годзе Кеасаян прысвяціў частку выпуску беларускай гуманітарнай дапамозе жыхарам Украіны. Тады Беларусь аказала Украіне гуманітарную дапамогу на блізу 63 тысячы долараў.

"Убачыўшы ўкраінскае Еўрабачанне, Беларусь так разжалілася, што адправіла ва/на Украіну туалетную паперу. Давайце, па-першае, павіншуем Беларусь: краіна нарэшце знайшла кагосьці бяднейшага за сябе. Як кажуць, чым багатыя, тым і падцірайцеся. 8 тысяч рулонаў туалетнай паперы! Нават беларусы зразумелі, што ва/на Украіне гамон. Але пакуль не зразумелі, што 8 тысяч рулонаў для ўкраінскай сракі відавочна недастаткова... Тушонка, масла, макароны і туалетная папера: вырашылі забяспечыць увесь стрававальны працэс пад ключ. Мяркуючы па наборы, ва/на Украіне вырашылі правесці фестываль макароны па-флоцку, і арганізатары чуюць, што пройдзе ён не вельмі добра. Я нават не ведаю, што смачнейшае: беларускія макароны ці беларуская туалетная папера. Крыўдна толькі, што бацька ўкруціў хахлам знакамітыя беларускія ананасы. Дарагія ўкраінцы, не забывайце: Лукашэнка — пажылы чалавек. Банкі потым вярніце!"

 

Бульба і сям'я Лукашэнкі

У наступных праграмах жарты пра Лукашэнку з'яўляліся досыць часта. У выпуску пра тое, як палітык збіраў бульбу, Кеасаян пажартаваў:

"Вось так высветлілася, што прэзідэнт Беларусі можа не толькі саджаць, але і выкопваць".

Жарты тычыліся нават сына Лукашэнкі Мікалая.

кеосаян о лукашенко
Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі / Белта

"Лукашэнка-бацька ўпершыню вывеў пасталелае птушаняці на бульбу. Выбіралі яе з беларускага чарназёму ў пальчатках, каб не пакідаць на бульбе адбіткаў пальцаў. "Тата, навошта мы яе збіраем? Прасцей жа ж купіць!" "Я пра газ гэтак сама раней думаў, а цяпер трэба свой шукаць. Сам Лукашэнка-бацька працаваў без пальчатак, пры гэтым рукі ў яго і ў гэты раз заставаліся чысценькімі. "Дзе тут ананасы і авакада, дзесьці ж павінны быць!" За пошукамі нафты і газу ўважліва назіраў трактар міністра абароны краіны. Лукашэнка-бацька глядзеў на Лукашэнку-птушаняці і разумеў, што самае галоўнае, што павінен умець будучы важак, яго Міколка ўжо ўмее".

Але ўжо ў верасні 2020 года Тыгран Кеасаян прыехаў у Мінск разам з Маргарытай Сіманьян, якая брала інтэрв'ю ў Лукашэнкі. На сустрэчы Тыгран паціснуў яму руку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі