"Вясна" задакументавала 119 гісторый пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі
Праваабаронцы задакументавалі факты рэпрэсій
"Ніякіх здзекаў, ніякіх палітзняволеных у нас няма", — гаварыў на нарадзе ў пятніцу Аляксандр Лукашэнка. Але яго словы абвяргаюць шматлікія сведчанні пацярпелых, якія змаглі выехаць з РБ. "Вясна" ў 2024 годзе задакументавала 119 гісторый пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі (сярод іх — 56 жанчын). Сведкі (іх узрост ад 20 да 70 гадоў) распавялі пра ператрусы, затрыманні, фізічны і псіхалагічны гвалт, пра невыносныя ўмовы ўтрымання ў зняволенні, нечалавечае стаўленне з боку сілавікоў, пра страту здароўя і вымушаную эміграцыю.
Большая частка згаданых гісторый адносіцца да падзей 2020-2021 гадоў. Сведкі знаходзяцца ў Польшчы, Літве і некаторых іншых краінах Еўропы. Яны паведамлялі праваабаронцам пра пагрозы ім самім і іх блізкім з боку беларускіх сілавікоў. Пацярпелыя сведчаць, што сутыкнуліся з фізічным гвалтам падчас затрымання, допытаў і зняволення. Да некаторых ужывалі электрашокер. Іх прымушалі запісваць "пакаяльныя відэа" і агаворваць сябе, прызнавацца ў тым, чаго не рабілі. Ім даводзілася спаць з пастаянна ўключаным святлом у камеры. Затрыманым адмаўлялі ў аказанні медычнай дапамогі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.